domingo, 11 de octubre de 2015

Памяць пра будучыню (НОВАЯ КНІГА - спасылка для пампаваньня)

Сёньня я публікую новую кнігу. Яна дармовая, версія бэта, магчыма, адбудуцца новыя карэктуры, але мне было прынцыпова, каб яна выйшла менавіта ў гэты дзень. Калі ня маеце часу/цярпеньня праслухаць усю маю байку, спасылка тутhttp://rusfolder.com/44329198

Для тых, каму цікава - я вам распавяду гісторыю. Камусьці здаецца, што яна надзвычайная. Іншыя думаюць, што гэта папросту варыянт нормы, форма самога працэсу самаразьвіцьця і пераходу ў дарослы век. Тым, хто добра ведае мяне, асабіста, зразумела, які ўплыў гэтыя здарэньні мелі на маю асобу.

Я жыву ў Варшаве ўжо амаль цэлы месяц. Як і шмат хто, з кім я тут пасьпела пазнаёміцца, я таксама эмігрант. Але, ў адрозьненьні ад новых маіх сяброў, я цяпер бліжэй да Беларусі геаграфічна, чым была. Сёньня з'явіліся хмары, але ўчора неба Варшавы паказвала тое, што Пол Форт называў un jour de beau froid (дзень прыгожага холаду). І ўчора, ў дзень прыгожага холаду, маладая жанчына займалася сьпешнаю карэктураю новае кнігі, якую яна моцна жадала, і баялася, апублікаваць.

Пяць гадоў таму, ў Малазе, Гішпанія, дзе нарадзілася тая Анхела, зь якой сёньня мала засталося (на шчасьце ці на жаль), надвор'е быў вельмі нетыповае для паўднёвае Гішпаніі. Восеню і ўзімку ў 2010 дождж падаў пастаянна. Анхеле было 17 гадоў. Яна вучылася яшчэ ў школе, і кахала плятанічна. Вялікае дзіцё, мілае. Як кажа звышмудры чэскі сьпявак Ярамір Ногавіца, добра, што чалавек ня ведае, што ў будучыні яго чакае. Я памятаю, як будучыня выглядала для таго дзіця, якое толькі пачынала жыць. Яна марыла стаць філёлягам (што збылося), вывучыць шмат моў (што таксама больш-меньш зрэалізавалася), прыехаць у Беларусь улетку, з пагодаю (а дзе пагода, дзе вясна?).

Жыцьцё мела плян паказаць ёй іншую перспэктыву. Мары збываюцца, але цана высокая. Анхела стала дарослаю. Запіла моцны алькаголь і абяцала кінуць піць. Перажыла сьмерць блізкіх. Даведалася такім чынам, што такое страх за жыцьцё дарагога сэрцу чалавека. Зразумела, што яна безабаронная, а далёка не тая непераможная істота, за якую яна сябе лічыла ў дзяцінстве. Зразумела, што каханьня вельмі часта недастаткова само па сабе.

Маладая жанчына пяць гадоў змагалася. Вывучыла беларускую мову, выдала кнігу, напісала чарговыя 3 зборнікі. Вянок санэтаў нават ёсьць. Бо яшчэ зразумела, што трэба далей старацца, нягледзячы ні на што.

Цяпер я ў Варшаве. Вучуся на беларускага філёляга. І яшчэ мару і адчуваю нешта падобнае да шчасьця... Памятаю будучыню. А вы?
Я ў далёкім 1993 годзе

 

sábado, 1 de agosto de 2015

Усё добра :)

Пішуць, здаецца, мой зборнік "Раяль ля мора" нармалёва набываюць ужо (нагадваю, пакуль толькі ў Логвінава, і хутчэй за ўсё будзе прадавацца яшчэ празь інтэрнет). Прэзентацыі яшчэ не было, але яна адбудзецца адносна хутка, і я некалькі інтэрв'ю давала (магчыма, вы бачылі). Наконт "у мяне крыза, я не магу пісаць нічога", я мяркую, што я вылячылася:

Забытае слова

Гучаў сарказм і недарэчны сьмех,
І пасьміхнуўся незаўважна лёс,
Пяшчота памірала ўжо бязь сьлёз,
Апошні чорны лёд растаў, як грэх.

Маніла мімавольна я табе,
(Так! Мне як нож баліць тваё маўчаньне!)
Душа задала першае пытаньне,
А сэрца тым забытым словам б’е!

Ня можаш ты, я не хачу сказаць,
Што слова... Твайго слова не хапае,
І думаць пра тваю самоту - жах.

Да гэтага мы мусім прывыкаць,
Бо слова "годнасьць" нада мной лунае,
А над табой лунае слова ''страх”.


Не пытайцеся пра лірычнага гэроя, калі ласка :) Магчыма, напішу некалькі яшчэ санетаў.
Дам ведаць!



miércoles, 29 de julio de 2015

РАЯЛЬ ЛЯ МОРА Ў ПРОДАЖЫ Ў ЛОГВІНАВА

Ну, вось так. Мая кніга з'явілася ў продажы. Ну ведаеце. Логвінаў. Галерэя "Ў". Прасьпект Незалежнасьці блабла. Вы лепей ведаеце Менск за мяне, сябры.

АААААААААААААААААААААААААААА!!!!

domingo, 26 de julio de 2015

Сьпёка!

Тыдзень быў добры, хаця і з прыгодамі, таму я некалькі дзён не пісала сюды, як плянавала. Свабода ўзяла ў мяне інтэрв'ю (вы ўсе бачылі, я не перапасьцю), што было выдатна, і я атрымала навіну, што наклад маёй кнігі, "Раяль ля мора", ўжо гатовы, і неўзабаве будзе ў краме (ах?). Заўтра я дакладней распавяду, можаце чакаць ад мяне новы пост.

А ў нас у Малазе сьпёка, тут ПЕКЛА, мне нават сёньня кепска стала ад тэмпературы, не магу больш. Потым убачыце скаргі на холад, але мне зараз так хочацца пераехаць у Варшаву ўжо (гэта адбудзецца толькі 16-га верасьня).

У любым выпадку, я хацела дзякаваць усім, хто напісаў мне добрыя (і ня надта добрыя) словы пасьля інтэрв'ю і чытаньня некаторых маіх вершаў. Я ўсё буду мець на ўвазе, хаця апошнім часам пішацца зь цяжкасьцю, а цэлы тыдзень я нічога не пішу (што для мяне вельмі й вельмі непрывычна). Спадзяюся, і гэта пройдзе, бо баюся, што ніколі не змагу пісаць чарговыя вершы (а можа, вы ўдзячныя будзеце, калі не пісацьму?) :)

Дарэчы, я хацела спытаць вас, чытачоў, чаму той верш "Такая дзяўчына, як ты", так упадабалі? Мне заўжды цікава ведаць, чаму некаторыя вершы вельмі падабаюцца, некаторыя зусім не. Паспрабую пісаць больш такіх, калі вернецца здольнасьць нешта пісаць увогуле ;)

miércoles, 15 de julio de 2015

Такая дзяўчына, як ты

Така, як ти
Буває раз на все життя
І то із неба


С. Вакарчук
Такая дзяўчына, як ты,
Павінная болей гуляць на вуліцы,
І чытаць крыху меней.
Чаго ты "Мобі Дык" узяла ўжо?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная карысна ўжываць вольны час,
А не вучыцца ў музычнай школе.
Чаго ты на піяніна так доўга граеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная гуляцца з хлопцамі,
А не пісаць паэзію.
Чаго ты сядзеш з гэтымі санетамі?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная паступіць адразу на мэдыцыну,
А не на нейкую філялёгію.
Чаго ты пра будучыню ня думаеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная валодаць перспектыўнымі мовамі,
А не незразумелымі дыялектымі.
Чаго ты так свой час марнуеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная выйсьці за прывабнага, заможнага, здаровага,
І ніяк інакш, ніяк.
Чаго ты так кепска іх выбіраеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная адназначна заўжды ўсьміхацца,
Бо грэх не карыстацца прыгажосьцю.
Чаго ты плачаш? Ну?

martes, 7 de julio de 2015

Чарговы раз мушу папрасіць прабачэньня

У 1993 г. я была маладая, маё жыцьцё было прасьцейшае.
На днях павінны высьці мой першы зборнік "Раяль ля мора". Гэта ўжо дастаткова добрая прычына, каб прабачацца :) Але я ведаю, што ёсьць такія чытачы, каму падабаюцца (некаторыя) мае вершы, таму за гэта менавіта прабачацца ня буду, а наадварот. Ну, па-першае, я даволі часта атрымліваю паведамленьні, людзі пытаюцца пра кнігу. Я таксама вельмі чакаю. І моцна хвалююся. Я таксама ня ведаю, калі менавіта выйдзе. Выбачаюся!

А праблема й цэлая справа ў тым, што ў мяне некалькі дзён круціцца адзін пэўны верш у галаве, але нічога ня пішацца. Я ў адчаі. Я не хачу скардзіцца, бо ў мяне дужа файнае жыцьцё (ну, прынамсі арыгінальнае), і я люблю быць сабою. Але апошнім часам здароўе было не найлепшае, пра каханьне каментаваць нават ня буду -хаця я непапраўная і мне, мабыць, падабаецца хлопчык, гыгыгы. Халера- і я нават пасьпела зваліцца зь лесьвіцы. Як? Не пытайцеся. І так, усё окей. Абяцаю :) Мяне толькі хвалюе факт, што ня пішацца. Я адзін год пішу, ну, "літаратуру" (не) па-беларуску, і ў мяне ёсьць тры зборнікі "вершаў", адна "п'еса", некалькі "апавяданьняў"... Намагаюся думаць, што я магу крыху адпачыць. А потым думаю, "а што калі наступным разам горш звалюся зь лесьвіцы і стукнуся галавой і забуду беларускую мову?". Але потым я думаю, "ну, а якая розьніца? Каму гэта патрэбна?". За што й выбачаюся.

Напэўна, на шчасьце ці на жаль, "натхненьне" маё прыйдзе зноў, "Раяль ля мора" выйдзе, і я некалькі яшчэ гадоў ніводнага разу не звалюся сьмяротна. Можа быць, і знойдзецца адпаведны пан для мяне (ці я буду шчасьлівейшая адна), і нават вылячуся і вернецца здароўе. За што й выбачаюся? :)

domingo, 28 de junio de 2015

Навіны-навіны-навіны + паэзія

Карацей:

1. Першы асобнік маёй кнігі ўжо гатовы. На наступным тыдні будуць яшчэ 99 :) Вось здымкі:







2. Я пераеду ў Варшаву 16-га верасьня. І ўжо набыла квіток у адзін бок!
3. Я кіну сюды пару новых вершаў. Яны не належаць да якой-небудзь з кніг (паклуль што). Хай тут будуць, каб я іх не згубіла (магу згубіць, магу):

Я ведаю, што ты мяне кахаеш,
Я ведаю - ніколі не забыў,
Я ведаю, бо кепска ты хаваеш,
Якім foutriquet быў!

Шкуматаў вецер восень нада мною,
І зь ім сыйшла пяшчота ўся зь мяне,
А ты галоўку маеш пад зямлёю
Comme une pomme de terre.

Зʼясі, mon âme, сам сваё каханьне:
Пасьпела зьненавідзець я цябе.
Я не дазволю, каб былі ваганьні,
Ты не чапай мяне!

Ня ведаю, чаму цябе ня стала,
Ужо не хачу ведаць. Мне tant pis!
Я раскахала, можа й не кахала, 
Вось мой адказ на твой халерны ліст!

Французская мова тут:

Foutriquet: ідыёт. "Малы" чалавек, якога ня варта слухаць.
Comme une pomme de terre: як бульбіна.
Mon âme: мая душа, каханы, і г. д.
Tant pis: усё адно.


Дзякуй табе за вялікае каханьне,
Якога не было.
Я цяпер адчувацьму цябе
У кожных руках,
У кожных вуснах,
У кожным малым каханьні,
Якое будзе (і будзе!).
Калі б ня боль, я б зачыняла вочы,
І прыдумвала б цябе кожны раз,
Ідэальнага цябе,
І жыла бы ў тваіх абдымках
(Трэба было застацца 
Адно ў аднога ў абдымках),
А так... Не, не магу.
Не хвалюйся, я зраблю выгляд,
І ты ня будзеш ведаць розьніцу,
Але, настойліва прашу,
Будзь прынамсі шчасьлівы
Ты.

sábado, 13 de junio de 2015

Выбачаюся

Дарагія чытачы,

Прабачаюся перад вамі публічна. Я была сьляпая і не разумела, што я рабіла, хто я, якія ў мяне магчымасьці. Абяцаю, што зь сёньняшняга дня буду толькі займацца вартымі справамі. Якімі я магу займацца адносна годна. Даруйце мне ўсё, што было раней. Я ня бачыла сябе, як мяне бачаць іншыя, і нарабіла шмат памылак. Ну, я ўсё ж такі маладая... Але вельмі дрэнна марнаваць час. Таму маладосьць - не апраўданьне.

Спадзяюся, я не расчаравала вас занадта моцна і вы зможаце мне прабачыць. Дзякую вам за падтрымку і ўвагу. Дзякуючы вам я ўпэўненая, што знайду сваё месца на сьвеце.

Люблю вас. І паважаю, сапраўды. Я шчыры чалавек, вы гэта ведаеце.

domingo, 7 de junio de 2015

П'еса (V - КАНЕЦ)

Акт пяты

(Гасьцёўня ізноў. Сядзяць Ігнат і Мацей пасьля размовы ў трэцім акце. Вяртаюцца Арына, Ева і Зося. Зося нясе вялізарную талерку з печывамі)

Зося (радасна) – Печывы-печывы!!! У нас печывы!!!
Мацей – Зоська, твой брацік сьпіць. Тшш!
Зося (ціха) – Ой, прабач, Багдан.
Ева – Усё добра, глядзі, як спакойна сьпіць твой брацік, Зоська.
Арына – Мацей, дзе твая сястра?
Мацей – Пры ўсёй павазе, мама, адкажу так, як у познім дзяцінстве. Адкуль я ведаю?

(Усе сьмяюцца акрамя Арына і Зося)

Зося – А што, чаму гэта сьмешна? Дзе мая мама?
Ігнат – Зоська, што за ідэя фікс?
Зося – А што такое ідэя фікс?

(Чарговы раз сьмяюцца ўсе)

Зося (па-дзіцячы) – Бабуля-я-я, чаму ўсе сьмяюцца зь мяне?
Арына – Сонейка, ня ведаю. Спытаемся ў тваёй мамы, калі вернецца.

(Пасьпешліва ўваходзяць Юрась і Агата. Мацей глядзіць на сястру шматзначна, саркастычна, зь вялікаю ўсьмешкаю. Агата ў сваю чаргу ўсьміхаецца і ківае галавою. Мацей сьмяецца)

Арына – А што тут такога сьмешнага, сынок?
Зося – Мама, мама, мы сьпяклі печывы!
Агата – Што ты кажаш, Зоська?
Зося (злёгку злосна) – Пе-чы-вы! Я ўвесь вечар на кухні, а ты нават мяне ня слухаеш!

(Усе сьмяюцца)

Агата – Вядома, хачу печывы! Дзякуй, дарагая!
Зося – Ну, вось, так і трэба! Я таксама хачу, але бабуля заўжды кажа, што трэба дачакацца, калі прыйдзе мама, і спытаць у яе. Можна?
Агата – Канешне, дарагая. Сёньня ж сьвята. Да таго ж, ты сама сьпякла.
Зося – Ну, з бабуляй і цёткай Евай, але... Пачынаем!
Агата – Ну, вы пачулі шэф, час есьці!

(Усе ядуць печывы)

Ігнат – Зоська, ты малайчынка, вельмі смачна атрымалася!
Ева (па-дзіцячы, ўсьміхаючыся на Зоську) – Ну-у, я таксама дапамагла, так Зося? І бабуля таксама!
Зося – Амаль усё зрабіла бабуля, штопраўда, але я вельмі старалася!
Агата (да Арыны) – Мама, а можна рэцэпт папрасіць? Ня памятаю, калі апошні раз ела такія смачныя печывы.
Юрась – Дый ты шыкоўна гатуеш! Канешне, ў пані Арыны печывы цудоўныя, але ў цябе, я б сказаў, ня горш.
Зося – Тата, ты заўжды галодны!
Юрась – Цукар вельмі карысны! Паболей б яго есьці!
Зося – А для чаго карысны?
Ігнат (вясела) – Хтосьці сёньня занадта шмат пытаньняў мае!

(Сям’я сьмяецца, есьць. Раптам пачынае званіць тэлефон. Тэлефон званіць тры цэлыя разы. Ігнат падымае слухаўку)

Ігнат – Алё? (...) Я (...) Да, да, понятно.
Спасибо. (...) Да-да-да, я понял. (...) Точно. (...) Спасибо, спасибо. (...) И Вам (...) Добрый вечер.

Мацей – Тата, хто гэта быў?
Ігнат (сувора) – Памылка.
Мацей – Ды ладна! Там у цябе размова ж была?
Ігнат – Мацей, хтосьці ня той нумар набраў.
Мацей – Тата, а каму хацелі патэлефанаваў? Пра каго пыталі?
Ігнат – Я не зразумеў.
Мацей – Ты расейскую забыў ажно?
Ігнат – Ну, хопіць з жарцікамі. Я не зразумеў, усё. Не пытай болей, калі ласка.

(Няёмкая паўза)

Зося (стомлена) – Мама, я хачу спаць...
Арына – Я таксама, Зося, мілая. Ужо позна!
Агата – Ну, так, насамрэч, мы хутка вернемся дадому, так, Юрась?
Юрась – Так, магу зараз замовіць машыну, калі хочаш.
Арына – Калі хочаце, можаце і тут пераначаваць.
Ігнат – Мілая, ведаеш, што Зося кепска сьпіць, калі не ў сваім ложачку. Праўда, Зоська?
Зося – Трохі, дзядуля...
Агата – Колькі часу ўжо? Мы й перашкаджаць ня хочам. І вам, пэўна, спаць хочацца.
Арына – Агатка, вы ніколі не перашкаджаеце.
Агата – Ну, мама, мы вернемся ранкам, дапаможам зьбіраць хату, добра?
Ігнат – Нават ня трэба, дарагая, мы справімся з мамай. Можаце спакойна паехаць дадому і спаць.
Мацей – Тата, ты й так ведаеш, што прыедзем усе і дапаможам!
Юрась – Абавязкова.
Мацей – Ну, Еве ня дам, яна адпачываць павінная.
Ева – Я дапамагу, як усе. Цяжарнасьць – не хвароба.
Юрась – Усё, я замоўлю машыну. Дзякую Вам за цудоўную вячэру, шчыра дзякую!

(Юрась адыходзіць і тэлефануе, ціха замаўляе таксоўку)

Зося – Бабуля, я прыеду заўтра, зробім яшчэ печывы! Цукру паболей есьці трэба, так?
Агата – Ня ўпэўненая, што табе варта, дзяўчыначка!
Арына – Зоська, паглядзім. І дзякуй вам усім, што прыехалі!
Ігнат – Спадзяюся, прыемна правялі вечар.
Мацей (крыху з сарказмам) – Атож. Праўда, Агатка?
Агата – Вядома!
Мацей – Думаю, мы таксама хутка дадому паедзем. Еве трэба добра спаць.
Ева – Ну, не перабольшвай! Я дарослая!
Мацей – Але ты стамілася, ці ня так? Я ж бачу!
Ева – Ну, позна зрабілася... Але не перабольшвай ты ўжо!
Мацей – Ну, вось, табе трэба паболей спаць, мілая.
Ева – Мацей, сапраўды, не хвалюйся.
Ігнат – Дзякуй Вам усім! Дабранач!
Мацей – Дабранач, тата, мама, дзякуй вам.
Ева – Дзякуй вялікі, пані Арына.
Арына – Табе дзякуй, Ева.
Зося – Пакуль, бабуля. Пакуль, дзядуля.
Арына – Хадзі, буську дай!

(Усе разьвітваюцца, цалуюцца ў шчокі, сыходзяць усе, акрамя Арыны і Ігната)

Ігнат – Нарэсьце, мы зноў удваіх!
Арына – Ды ну, ты рады быў убачыць усіх. Нават Юрася! Прызнайся.
Ігнат – Прызнаюся.
Арына (настальгічна) – Часам мне б хацелася вярнуць сваіх дзяцей...
Ігнат – У сэньсе?
Арына – Каб зноўку малымі былі, хоць на дзень.
Ігнат – Так, было б добра...
(Ізноў званіць тэлефон. Ігнат падымае слухаўку адразу. Арына зьдзіўляецца)

Ігнат – Алё (...) Так, вітаю-вітаю. (...) Дзякую... (...) Так, я ведаю, казалі ўжо. (...) А што, зараз?! Добра, добра, разумею. Да пабачэньня!

(Ігнат пачынае пасьпешліва прыбіраць стол)

Арына – Ігнат, спакойна! Пакінь, я потым сама...
Ігнат – Не-не-не, зараз, трэба зараз. Дапамагі мне, Арынка, калі ласка.
Арына – Што тут адбываецца?
Ігнат – Калі ласка, не спрачайся. Дапамагі мне!

(Арына і Ігнат пасьпешліва прыбіраюць усё)

Арына – А цяпер ты можаш мне сказаць, што з табой?
Ігнат (цяжка дыхаючы) – Нічога, Арынка, нічога... Не хвалюйся. Сапраўды, ня трэба.
Арына – Ты што? Не пужай мяне! Кепска пачуваесься?

(Ігнат кладзе руку на сэрца, цяжка дыхае, садзіцца)

Арына – Табе хуткую выклікаць?! Ігнат, калі ласка, скажы мне, што з табой! Я выклічу хуткую дапамогу!
Ігнат – Нават ня думай, нікога не выклікай, нікога!

(Стукаюць у дзьверы)

Ігнат (ціха) – Нават так... Яны ўжо тут...
Арына (вельмі нэрвова) – Хто гэта? Ты кагосьці чакаеш? Хто тэлефанаваў раней? А толькі што? Ігнат!

(Стукаюць у дзьверы мацней, чым першы раз)

Ігнат – Арына, ціха! Паслухай мяне!
Арына – Што...

(Працягваюць стукаць у дзьверы, ўсё мацней і мацней)

Арына – Я нічога не разумею!
Ігнат – Мілая, ведаю, што ты не разумееш. Але паслухай. Калі спытаюцца, мы ўвесь вечар адны, ў нас нікога не было. Мы нічога ня ведаем, я цяжка хворы, і наша Яна памерла ў катастрофе. Зразумела?
Арына – Яна?! Што здарылася? А ты хворы?
Ігнат – Яна памерла ў катастрофе, зразумела? А цяпер, калі ласка, адкрый дзьверы, бо могуць выбіць іх у хату!
Арына – Ігнат!
Ігнат – Адкрый дзьверы, дурніца мая, адкрый! (страчвае прытомнасьць і падае)

(Вельмі моцна стукаюць у дзьвер. Канец пятага акту. Канец п’есы)

sábado, 6 de junio de 2015

П'еса (IV)

Акт чацьвёрты

(Перад хатай стаяць Юрась і Агата. Ён паліць, яна стаіць побач зь ім глядзіць кудысьці ўверх, сьвяціць месяц)

Юрась (гледзячы на Агату) – Агатка, сёньня, ты такая прыгожая, як у той дзень, калі ты падыйшла да мяне і сказала, “Юрась, мы абавязкова мусім ажаніцца!” Памятаеш, як ты хвалявалася?
Агата – Юрась!
Юрась (кідае цыгарэту) – Я! Чым я магу дапамагчы сваёй гожае прынцэсе?
Агата (сарамліва) – Я не магу, калі ты такія рэчы кажаш... Ты ведаеш, што саромеюся!
Юрась (з замілаваньнем) – Гэта міла. Як ты хвалюесься цяпер, і як хвалявалася тады!
Агата – Вядома, хвалявалася...
Юрась – А памятаеш, як я і так меў ужо пярсьцёнкі? Нічога я болей не хацеў, чым гэтага!
Агата – Памятаю, вядома... Я назаўжды запомніла гэты дзень!
Юрась – І я, дарагая. Памятаю, нібы ўсё гэта ўчора было.
Агата – Шкадуеш?
Юрась – Не! Ты што, ты што? Чаго ты гэта, мілая? Вядома, не шкадую! (Цалуе Агату шматразова ў шчокі)
Агата – Ты ўпэўнены?
Юрась – Агата, я кахаю цябе, заўжды кахаў... Зь першае хвіліны.

(Агата плача)

Юрась – Ня плач, дарагая, ня плач (выцірае ейныя сьлёзы). Прабач мне, што ня даў табе жыцьцё, якое заслугоўваеш, маё каханьне.
Агата – Я таксама цябе кахаю.
Юрась – Я буду змагацца дзеля цябе і дзяцей, абяцаю.
Агата – Не абяцай мне нічога, калі ласка.
Юрась – Агатка...

(Юрась абдымае Агату ззаду, Агата плача)

Агата – Ведаеш, мая сястра... Яна прапанавала мне пераехаць у Менск да яе, калі даведалася пра сітуацыю тады. Сказала, што мы вырашым праблему, я змагу вучыцца, працаваць, будзем жыць разам. Яна не хацела, каб Мацей і я засталіся ў вёсцы... А ў мяне сям’я, і ў брата пачынаецца, а Яна чамусьці не прыехала. А на нашае вясельле прыехала. Не была згодная, але прыехала... Я мушу прызнацца, тыя грошы, якія ў мяне былі, калі мы пачалі жыць разам, іх мне Яна падарыла. Так, і жахлівую карціну – таксама. (Юрась іранічна глядзіць на Агату) –Ды не глядзі на мяне так, Яна сказала, што гэта поп-арт. Яна лепей разумее мастацва, чым ты і я. (Кароткая паўза) –Ну, а Зоську яна вельмі любіць, вядома. Кажа, што яна падобная да мяне ў тым узросьце... Яна вельмі любіць мяне... Таму і прапанавала такое. Яна толькі лепшага хацела, толькі лепшага для мяне, для маладзейшае сястры... Я яе толькі цяпер разумець пачала!
Юрась – Шкадуеш?
Агата – Што?
Юрась – Агата, ты шкадуеш, што не пераехала ў Менск да сястры?
Агата – Не.

(Цалуюцца)

Юрась – Я ня варты цябе.
Агата – Бздура! Варты, чаго ты так? Я кахаю цябе, я таксама заўжды цябе кахала. Ну, дакладней, дзякуючы табе я ёсьць, кім я ёсьць. Раней я папросту вучылася, падпарадкавалася бацькам, хадзіла ў касьцёл. І так, праўда, яшчэ хаджу. Але я хутка зразумела, што толькі дзеля цябе і з табой я магу быць іншай, сваёй... Я стала сьмелай, пачала нешта рабіць дзеля сябе. Нават першы раз хлусіла бацькам...
Юрась (іранічна, сумна) – Ну, і глядзі, як гэта ўсё скончылася! Жывеш разам зь нягоднікам, грошаў ніколі не хапае...
Агата – Прабач, але я жыву разам з каханым чалавекам. Ніхто ніколі мне не абяцаў, што шлюб і сямейнае жыцьцё – гэта ўсё весела і лёгка. Я ўсё жыцьцё марыла выйсьці замуж. Я была на гэта гатовая, хоць і атрымалася неяк інакш, чым я думала. І я кажу менавіта “інакш”, а ня “горш”. Зося цудоўная дзяўчына, Багдан моцным і разумненькім расьце...
Юрась – Прабач мне, я ня варты вас...
Агата – Юрась, мы ўсе памыляемся, мы ўсе грэшым. Для мяне ты найлепшы мужчына на сьвеце. Да таго ж, не пакусала б я твой яблык – Мы б не былі разам.

(Юрась сьмяецца)

Агата – Што тут такога сьмешнага?
Юрась – Першы раз чую, каб называлі яго яблыкам!
Агата (абураная) – Юрась! Каб хадзіў са мной раз-пораз, сьмяяўся бы меней!
Юрась – Ты дужа мілая, калі злуесься!

(Агата і Юрась коратка глядзяць адно на аднаго, Юрась потым пачынае глядзець уніз, на падлогу, Агата кладзе руку яму на плячо)

Юрась – Як я магу ўсё выправіць, што нарабіў? Як я магу кампенсаваць табе і дзецям за гэтыя жахлівыя годы? Я гатовы на ўсё, але ня ведаю, ад чаго пачаць, мілая!
Агата – Я кахаю цябе. І я ведаю, што ты таксама мяне кахаеш.
Юрась – Агатка, аднога каханьня не дастаткова... Часам і каханьне бывае лішнім.
Агата – Ты амаль такім сур’ёзным стаў, такім суворым, як мой бацька.
Юрась – Але гэта праўда! Я так балюча табе зрабіў! Я не прабачу сабе!
Агата – А трэба! Я веру ў пакаяньне, Юрась. Я хрысьціянка.
Юрась – Ты цудоўная.

(Юрась цалуе Агату ў вусны, абдымае яе сэксуальна, пачынае цалаваць у шыю)

Агата (пачынае зьлёгку стагнаць) – Ты што! Ня зараз, ня перад хатаю маіх бацькаў!
Юрась – Мы ўсе грэшым, мы ўсе памыляемся... Ёсьць і салодкія памылкі... Перад хатаю нельга, кажаш, пайшлі за хату, Агатка!

(Трымаючыся за руку, хутка сыходзяць за хату, канець чацьвёртага акту)

Памяць пра будучыню

Так, я скончыла трэцюю кнігу. Ну, што ж хочаце, лета пачынаецца, ёсьць час пісаць, дык пішу! Атож! Ну, прабачце, што публікую а такой позьняе гадзіне - я паказала адзін з новых вершаў сябру і ён вельмі захацеў яго апублікаваць (у гішпанскім перакладзе). І я падумала, што адначасова апублікую па-беларуску. Вось ён, з новае кнігі, гэта trailer-teaser толькі для вас:



Герніка


Гэта было ў Мадрыдзе, а менавіта

У цэнтры мастацва каралевы Сафіі

(Які мясцовыя жыхары называюць “Сафіду” –
Націск на “у”).
Малы хлопчык напужаўся, калі ўбачыў

Велізарную карціну “Герніка” Пікассо

(Дарэчы, па-гішпанску чытаецца “Пікасса” –
Націск на “а”).
Малы спытаў маладую маму:

–Мама, што за карціна?

Мама падыйшла і зачытала,

–Называецца “Герніка”, даражэнькі. Падабаецца?

Хлопчык абурыўся, і адказаў, ледзь стрымліваючы сьлёзы,

–Не! Брыдкая карціна, цёмная! Я баюся! Чаму яна такая?

Мама паціснула плячыма,

–Ня ведаю, Пікассо заўжды быў дзіўным, сонейка.

І яны пайшлі далей.


 Насамрэч, Пікассо намаляваў гэтую карціну

Не, каб упрыгожваць буржуазную гасьцёўню,

А каб людзі не забывалі пра вайну,

Што ў яго, на шчасьце ці на жаль,

Ня выйшла.


Тут пост майго сябра па-гішпанску: 
http://torzew.blogspot.com.es/2015/06/guernica.html

viernes, 5 de junio de 2015

П'еса (ІІІ)

Акт трэці

(Сям’я сядзе пры столе, есьць. Вяртаецца Ева, ўсьміхаючыся)

Мацей – Мілая мая, як ты пачуваесься? (Дае Еву буську ў шчоку)
Ева – Ніколі не пачувалася лепей, каханы.
Мацей – Дакладна?
Ева – Вядома. Не хвалюйся.
Агата – Ну, вось і цудоўна, я радая, што табе прайшло, Ева.
Юрась (іранічна) – Я выдатна разумею Еву. Хто ж можа сядзець так доўга ў такой кампаніі? Маю на ўвазе, ў маёй кампаніі, вядома.

(Усе сьмяюцца)

Ева – Якраз, дарагія мае, саправа ў іншым. І думаю, прыйшоў час падзяліцца.
Мацей – Дарагая, што здарылася? Не пужай мяне!
Арына – Мацей, сынок, дай жонцы патлумачыць, можна?
Ева (усьміхаючыся) – Дзякую, пані Арына. Шчыра дзякую.
Зося – Цётка Ева, ты не хварэеш?
Ева – Не, Зоська. (Трымае Мацея за руку) –Я цяжарная. Ты будзеш мець стрыечнага браціка ці сястрычку!
Зося – Аааа, дзякуй, цётка Ева!  (Абдымае яе)
Мацей – Ева, гэта цудоўна! Чаго ты раней не казала?
Ева – Я хацела, каб мы былі ўсе разам.

(Усе размаўляюць адразу, ідуць віншаваньні, тосты, радасьць, Мацей абдымае Еву, трымае за руку, відавочна, ня хоча яе адпускаць)

Мацей – Мілая, я так рады, так рады! (Цалуе Еву шматразова)

Юрась – Ева, дарагая, асьцярожна, бо Мацей цябе з'есьць!
Агата – Вы думалі пра імёны? Якія падабаюцца?
Мацей – А я нічога ня думаў, Агатка. Мне здаецца, ты даведалася раней, чым я!
Агата (усьміхаючыся, зьлёгку сьмяючыся з брата) – Мацей, я ж жанчына, а яшчэ й маці. Мы здагадваемся пра такія рэчы. Прыдумлівай імёны хутчэй, дарагі брацік!
Ева – Мне Надзея падабаецца, калі гэта дзяўчынка...
Арына – Прыгожае імя!
Ігнат – А калі гэта хлопец?
Мацей – Бацьку Евы звалі Радзівон...
Юрась (раптоўна, пачуўшы імя, іранічна, але шчасьліва) – Прабачце мне, я папаліць схаджу! Столькі эмоцый! Ня стану перашкаджаць дзецям і цяжарным жанчынам сваім агідным дымам.
Агата – Я з табой пайду. (Да бацькаў) -Калі вы ня супраць.
Ігнат – Ідзі спакойна, дарагая, ідзі.

(Сыходзяць Юрась і Агата. Ігнат нешта
шэпча Арыне ў вуха)

Арына – Зоська, сонейка, ў мяне на кухн
і гатовае цеста для печываў. Хочаш дапамагчы бабулі сьпячы?
Зося (з энтузіязмам) – Печывы! Так! Ура!

(Арына глядзіць на Еву)

Ева – Я таксама пайду, навучуся іх пячы для свайго малыша!

(Сыходзяць Арына, Ева і Зося. Ігнат і Мацей некалькі сэкунд маўчаць)

Ігнат – Віншую, Мацей! Ганаруся табою.
Мацей – Тата, што з табой? Ня верыцца, што дачакаўся гэтага сказу!
Ігнат – Шчыра.
Мацей – Дзякуй, тата.
Ігнат – Мацей, я хацеў размаўляць з табою сам-насам.
Мацей (іранічна) – Я заўважыў.
Ігнат – Малайчына. А калі сур’ёзна, я мушу табе сёе-тое сказаць.
Мацей (усьміхаючыся, з сарказмам) – Тата, калі скажаш, што Дзедам Марозам увесь гэты час быў ты, дык я даўно ўцяміў. (Сур’ёзна) –Ты ж ведаеш, што я ня веру ў такія рэчы. Тым болей, цяпер.
Ігнат – У мяне рак.

(Кароткая, няёмкая паўза)

Мацей – Тата,
даруй. А што лекар...
Ігнат – Мацей, мне трэба, каб ты быў галавой сям’і. Мне нядоўга засталося жыць. Ня дай маме жыць адной, калі ласка. Ты ведаеш, што яна звар’яцее, калі ня будзе каму дапамагаць, каго зьлёгку лаяць, каму даказваць, што заўжды мае рацыю (і павер, яно так і ёсьць!). Беражы Агату і малых дзяцей, сам ведаеш, што Юрась ня ў стане, ніколі ня быў у стане, аднаго каханьня, вядома, не дастаткова. Я б сказаў, напрыканцы жыцьця, што каханьне і
лішнім бывае, сынок. Ты дасканала разумееш, што я маю на ўвазе. А Яна... Пра Яну можаш не хвалявацца, яна выбрала свой шлях. Я часам думаю, што яна павінная была нарадзіцца мужчынам, у яе сіла характару... Тая ж сіла характару будзе ейнаю гібелю, помні мае словы, але нічога ня зробіш, папросту маліся за яе, калі ў цябе вера засталася! У  мяне веры даўно няма, прызнаю. Ты маеш права ведаць, Мацей. Спадзяюся, ў цябе хоць крыху засталося, яна не абавязковая, але спрашчае жыцьцё, асабліва калі ты – камень веры ўсёй сям’і. Ня дай Агаце жыць бязь веры, яна не вытрымае, а яна патрэбная Зосьцы і Багдану. Ня дай маме жыць без надзеі, будзе надта цяжка, і я не хачу, каб яна пакутавала, калі мяне ўжо ня будзе. Скажы ёй, калі я сыйду, што сустрэнемся ў раі, і дай ёй прычыны жыць кожны дзень, Мацей, хоць і праблемы, у якіх яна можа дапамагчы, ці думаць, што дапамагае, ня важна што, але трэба жыць далей, жыць! І ты жыві... Ты моцны, я ведаю, што ты будзеш жыць, дзеля Евы, дзеля дзіцяці, дзеля нас... Дзеля мяне, Мацей, жыві! Я не памру, покуль жывы мой адзіны сын! Ці ў цябе засталося хоць крыху веры, Мацей?
Мацей – Вядома... Я веру ў цябе, тата, і ў нашу сям’ю. Веру ў жыцьцё дзіцяці, якога народзіць Ева. Я вярнуся да твайго дому, тата, твой унук будзе жыць, дзе я правёў сваё дзяцінства, спаць у маім колішнім ложку, і насіць тваё імя, вядома. Мае дзеці, дзеці Агаты... Дзеці Яны, яны будуць солью зямлі, тваёй зямлі, і будуць ведаць цябе, хоць праз нашыя словы, праз нашае жыцьцё і наш прыклад для іх. Ты не памрэш, тата, ніколі! Я буду працаваць сваімі рукамі і карміць нашу сям’ю, ня бойся! Ня дам маме пакутаваць, абараню Агатку, і мы сустрэнемся ў раі, сапраўды сустрэнемся... Май веру, тата, і жыві да апошняга дня, пакуль Госпад не забярэ цябе да сябе, жыві, пабудзь яшчэ з намі і ведай, што ніколі не памрэш у нашых сэрцах!
Ігнат – Давяраю табе, сынок, давяраю і дзякую. Але я даўно ведаю, што ты атэіст...
Мацей – Як і ты, тата, але гэта ня мае ўжо значэньня. Мы шматразова паміраем да моманту фізычнае сьмерці... Каму ў гісторыі чалавецтва ўдалося жыць бяз болю, бязь сьмерці? Гэта рыхтуе нас да нашага канца, да таго, каб мазгі канчаткова выключыліся, каб не было ані дабра, ані зла, ані болю, ані асалоды... Колькі прывідам за дзень я
паціснуў руку? Гэта ня мае значэньня! Чалавецтва – адзін жывы арганізм, і покуль будзе жыць хоць адзін чалавек, ты будзеш жыць, тата, ў сваёй спакойнае, сапраўднае сьмерці, і я буду жыць, хоць хаджу мёртвым і клапатлівым, і маё дзіцё будзе жыць па-сапраўднаму за цябе, і за мяне, і за кожнага чалавека на сьвеце!
Ігнат – Хай будзе так, як ты кажаш, сынок. П’ем за гэта!
Мацей – П’ем!
Ігнат – За маё здароўе, за тваё, за чалавецтва і за маленькія штодзённыя сьмерці!
Мацей – За вечнае жыцьцё!
Ігнат – За вечнае жыцьцё!
Мацей і Ігнат (разам, іранічна) – Амінь! (Сьмяюцца)

(Два мужчыны п’юць гарэлку. Багдан пачынае ціха плакаць. Канец трэцяга акту)

jueves, 4 de junio de 2015

П'еса (II)

Акт другі

(Прыбіральны пакой, мэбля такога ж стылю, як у гасьцёўні. Ева плача, цяжка дыхае, імкнёцца ўзяць сябе пад кантролю)

(Стукаюць у дзьверы)

Арына – Ева, ты тут? Усё у парадку, дарагая?
Ева (стрымліваючы сьлёзы) – Так... Тут-тут. Зараз...

(Ева глыбока ўздыхае, выцірае сьлёзы туалетнаю папераю, шморкаецца, хутка перарабляе макіяж і адчыняе дзьверы. Уваходзіць Арына)

Арына – Як ты сябе адчуваеш, Ева?
Ева – Усё у парадку, папросту крыху млосна зрабілася, я...
Арына (усьміхаючыся, пяшчотна) – Як даўно ты ведаеш, сонейка?
Ева (зьдзіўлена) – Пані Арына, я не разумею, што Вы маеце...
Арына (перапыняючы Еву) – Ева, замолада дурань, пад старасьць мудр. Як даўно ты ведаеш?
Ева (сумна) – Два месяцы, пані Арына.
Арына (упэўнена) – Мацей ня ведае.
Ева (сарамліва, гледзячы на падлогу) – Ваша праўда.
Арына (спакойна) – Пытаньне – чаму.
Ева (стрымліваючы сьлёзы) – Даруйце мне, калі ласка, даруйце.
Арына – За што менавіта, дарагая мая дзеўчына?
Ева (нэрвова і пасьпешліва) – Гэта немагчыма... Ну, я не магу, я не гатовая, я ня здольная.
Арына (пяшчотна) – Дзіцё маё, а хто ж гатовы?
Ева – Нельга, як я магу прымусіць нявінную істоту жыць на гэтым сьвеце? Я не магу, не!
Арына (зьдзіўлена) – Што ня так з гэтым сьветам? Што ты кажаш, Ева?
Ева – Пані Арына, даруйце, калі ласка! Я настаўніца, я ўсё бачу, я ўсё ведаю, нельга так, пані Арына! Як я б магла, калі сама да глыбокае начы, каб ваш жа сын, пані Арына, мой каханы Мацей, не заўважаў, што я плачу, пакуль не засынаю? Што ж у мяне ёсьць, што магу даць гэтаму дзіцяці? Што ў гэтае краіне? Я не магу глядзець, як гэты наш
пракляты сьвет, вы мне гэта прабачце, павольна з’ядае ягоную душу! Я гэта перажыла, і перажываю, і гэта бачна ня толькі ўва мне, а ў кожным з нас, у кожным! Прабачце мне, канешне... Вы ведаеце, як даўно Мацей ня піша? Так, бо пісаў, пісаў мне вершы пра каханьне! І колькі яму вінныя за праект ведаеце? Прабачце, што кажу вам пра гэткія тэмы, але, пані Арына, вы зразумець павінныя, што і як... І чаму я вырашыла...
Арына (злосна) – Ева!
Ева – Даруйце мне, калі ласка.
Арына – Не выбачайся болей, я не хачу гэта чуць. Я разумею, што ты вучылася ва ўніверсытэце, і ў цябе ведаў шмат, болей, чым у мяне. Але ў гэтым выпадку гэта ты павінная зразумець, што і як, і чаму, Ева. Напэўна ты думаеш, як і ўся сям’я, што я ня бачу праблемаў. А бачу, вядома, і перажываю. Моцна. Але маці – падмурак сям’і, як сказаў бы Мацей. Як я магу сябе аддаць хваляваньню, калі я – маці? Цяпер, Ева, ты ўжо ня дзеўчына, нават ня толькі жачнына, нават ня жонка, ты маці, як і Агатка, як і я. Ты й ёсьць сьветам гэтага дзіцяці. Ты, Ева, ты, як першая маці на Зямле, сёньня і назаўжды! Таму выцірай сьлёзкі, дарагая. Я табе дапамагу, давай. Ты ня маеш права на іх, не сёньня, мілая! Ты бачыла, як зорачкі ў небе міргаюць у гэтую халодную ноч? Бачыла, як далікатны сьнег танцуе ў паветры? Чула калядныя песьні, якія награваюць вусны дзяцей? Сьвет можа быць прыгожым, калі ты прымушаеш яго такім быць. Павер мне, ты маеш такую сілу. А цяпер, Ева, ты маці. Гэта твая адказнасьць, і гэта найважнейшая адказнасьць у гісторыі чалавецтва.
Ева – Пані Арына, а што калі я ня здолею?
Арына – Здолееш, Ева, бо мусіш.
Ева – Але...
Арына – Ніхто ня можа табе абяцаць, што будзе лёгка. У жыцьці, як ты пэўна заўважыла, не бывае без памылак, бяз сьлёзаў, бяз болю. І асабліва для нас, для маці. Але я скажу табе, што ўсё будзе варта.
Ева – Дзякуй, пані Арына.
Арына – Я прыму ўсялякае тваё рашэньне, бо ведаю, што мой сын шчасьлівы дзякуючы табе, дзякуючы табе адной. Але помні мае словы. Ты ня маеш права на сьлёзы сёньня.
Ева – Я магу вас абняць?
Арына – Не пытайся.

(Абдымаюцца доўга, моўчкі)

Арына – Выцірай сьлёзы, час павячэраць, ты ясі за двух. І нават не за двух, а за цэлы сьвет, за цэлы сусьвет, за цэлае жыцьцё.

Ігнат (здалёк
у) – Арына! Як вы там? Усё добра?
Арына (да Евы) – Я вярнуся ў гасьцёўню, дам табе яшчэ хвіліну, пабудзь адной, калі трэба, але не марудзь, мы цябе чакаем.

(Сыходзіць Арына)

Ева (гледзячы на сябе ў люстэрка) – Я не магу ведаць, што будзе далей. Ніхто ня ведае. Сумневы будуць, і праблемы, і канфлікты. Бог адзін ведае, колькі начэй я буду плакаць, пакуль не засну, колькі сьлёзы ў мяне атрымаецца схаваць, як павінная. Жыцьцё заўжды сябравала са сьмерцю, і шчасьце заўжды танцавала з бядою. Але сёньня сьвята, і два разы сьвята, бо сёньня я - маці. Ад сёньня я больш ня Ева, а Надзея. Надзея!

(Ева зноўку выцірае сьлёзы, перарабляе хутка макіяж і сыходзіць. Канец другога акту)

miércoles, 3 de junio de 2015

П'еса

Вітанкі!

Так, я жывая. І шмат чаго цікавага здарылася. Напрыклад, я скончыла другую кнігу (Салавей сьпявае жаночым голасам), да якое я чакаю прадмову (тонкі намёк чалавеку, які піша прадмову), і пачала пісаць трэцюю кнігу (якая будзе гатовая да восені) :) Яшчэ я скончыла ўніверсытэт. Ну, засталася абарона дымлёмнае працы, потым адзін іспыт, потым скончыла. Пачала зьбіраць дакументы да магістратуры (і пачаліся праблемы. Не пытайце) :( Яшчэ што... Сусед пачаў рэмонт; акурат "канцэрт" ідзе, фу. І маё рамантычнае жыцьцё таксама зьмянілася (я ў парадку, не хвалюйцеся). У любым выпадку, хто хоча ведаць, хай спытае асабіста ці ў камэнтарах :Р Што яшчэ, што яшчэ... О, так, я напісала п'есу! Справа такая, прыйшоў такі, скажам так, арыгінальны мужчына (старэйшы, але прывабны) да мяне ўва сьне, пачаў падказваць, што і як пісаць. Кажа, маўляў, я здольная напісаць п'есу, і таму вырашыў перадаць яе мне. Так, перадаць. Трэба сказаць, што чалавек са мной быў на ты (хоць і яму 50+ гадоў было, мне здаецца, і я зь ім ніколі раней не размаўляла), і меў такі гумар, вышуканы, але мякка кажучы зь мяне сьмяяўся крыху. Казаў такія рэчы, як "ты ўсё запісала, дарагая? А, не, ня можаш! Ты ж сьпіш!", і іншыя. Той джэнтэлмен папрасіў мне тытулярнага пэрсанажа назваць Янаю, што я зрабіла. І сёньня я хачу падзяліцца першым актам п'есы. Для вас:


ІГНАТ – Дзядуля
АРЫНА – Бабуля
АГАТА – Дачка Ігната й Арыны, 28 гадоў
ЮРАСЬ – Муж Агаты, 40 гадоў
ЗОСЯ – Дачка Агаты і Юрася, 8 гадоў
БАГДАН – Сын Агаты і Юрася, немаўля
МАЦЕЙ – Сын Ігната й Арыны, 26 гадоў
ЕВА – Жонка Мацея, 25 гадоў


ЯНА
Сьвяточная вячэра – п’еса

Акт першы

(Хата ў вёсцы, гасьцёўня. Простая мэбля, старая. Вісіць каталіцкі крыжык на фоне. У пакоі маюцца старыя тэлевізар і тэлефон. Ігнат сядзе пры столе, Арына арганізуе прыборы, моўчкі.)

(Стукаюць у дзьверы)

Ігнат (гучна) – Арына, дзьверы! Яны тут.
Арына (шчасьліва) – Іду, йду. Гэта, мусіць, Агатка.
Ігнат – Як заўсёды, зарана.

(Арына павольна падыходзіць да дзьвярэй і адчыняе іх. Уваходзяць Агата з Багданам у калысцы, Зося і Юрась. Зося падсьпявае, “бабуля-бабуля”)

Агата (да Зосі) – Спакойна, Зося, хопіць! Цалуй бабулю. (Да Арыны) – Матуля, вітаю!

(Цалуюцца тры разы ў шчокі)

Юрась – Са сьвятам, пані Арына.
Арына – Агатка, добра, што прыехалі. Са сьвятам і вам! (Да Зосі) –Зоська, даражэнькая, як ты вырасла!
(Мужчыны ў фоне вітаюцца)
Зося (перарываючы Арыну) – Дзе цётка Яна?
Арына (пяшчотна) – Яшчэ не прыехала, сонейка.
Агата (да Арыны, напаўголасу) – Яна наогул тэлефанавала?
Арына (крыху сумна) – Агатка, ну, ты ведаеш, як яна занятая...
(Пяшчотна) А як малы? (да Багдана) Скарб ты наш маленькі!

Ігнат – Чаго вы стаіце?
Сядзьце, сядзьце.

(
Сядаюць, надыходзіць няёмкае маўчаньне)

Арына – Зоська, сонейка, як школа?
Зося (выразна) – Нудотна!
Агата (злосна) – Зося!
Юрась (ўсьміхаючыся) – Ну, прынамсі Зоська шчырая!

(Усе сьмяюцца, акрамя Агаты і Зосі)

Зося – А калі прыедзе цётка Яна? Я люблю, калі яна мне распавядае пра пісьменьнікаў і...
Агата – Мы ня ведаем, ці прыедзе, Зося. Тым болей, сёньня дзець для сям’і, а не для ўсялякае літаратуры.

(Стукаюць у дзьверы)

Арына – О! Іду, іду!
Агата – Матуля, не ўставай, пайду я

(Агата адчыняе дзьверы, ўваходзяць Мацей і Ева)
(Юрась п’е гарэлку)

Мацей – Вітанкі, сястрычка!
Агата (сьмяецца) – Ды я старэйшая за цябе на цэлыя два гады!

Мацей – Н
іхто б не сказаў! (Цалуе ў шчоку)
Агата – Ева! Як ты пахарашэла!
Ева (
сарамліва) – Ну, дзякуй, Агата... Ты таксама.
Арына (са стала, громка) – Уваходзіце, мае дзеці! Мацей, хадзі, матулю пацалуй!


(
Уваходзяць, вітаюцца ўсе, сядаюць)

Зося (шчасьліва) – Дзядзька Мацей, дзядзька Мацей! Ты ўжо пабудаваў хату?
Мацей (усьміхаючыся) – Зося, мы не будуем, мы пра-ек-ту-ем!
Ігнат (напаўголасу) – Дзяўчынка, гэта твой тата будуе, калі знаходзіцца праца.
(Юрась злосна глядзіць на Ігната, потым на Агату, выпівае каторую шклянку гарэлкі)
Агата (напужана) – Тата, калі ласка... Не пачынай...
Арына (гледзячы ў акно) –  О! Першая зорка! Час падаць куцьцю! Агата, Ева, дапаможаце мне, даражэнькія?

(Жанчыны сыходзяць)

Зося (не зьвяртаючы ўвагі на Ігната і Агату, да Мацея) – Ай, пакажаш малюнкі, ці не?
Мацей – Як толькі будзеш у офісе, вядома, пакажу. Мы дадалі яшчэ склеп, вялікі, пабачыш, як прыгожа будзе. Калі кліент дазволіць, пакажу табе самую хату, як скончуць.
Зося – Файна!
Юрась (іранічна) – Толькі асьцярожна там, Мацей, не зваліся зь лесьвіцы!
Зося – Ай, тата!
Юрась – Ты таксама
будзь асьцярожная!

(Жанчыны вяртаюцца зь ежай)
Зося – (Да Евы) – Цётка Ева, а што праходзіць твой кляс?
Ева – Дробы, розныя апэрацыі...
Зося (перарываючы Еву) – Дзядзька Мацей! А ты ведаеш, ці прыедзе цётка Яна?
Мацей – Ох, я ледзь не забыў! Не, Зося, цётка Яна не прыедзе.
Зося і Арына (адначасна) – Як гэта не прыедзе?!
(Ігнат сувора глядзіць на Мацея)
Мацей (гледзячы на Ігната) – Дый вось так... Патэліла, маўляў, працы шмат...
Зося
(расчаравана, па-дзіцячы) – Не-е, чаму-у? Дзе цётка Яна-а-а?
Агата (раздражнёна) – Зоська, можа хопіць? Яна сёе, Яна тое! Цётка Яна ў Менску з катом!
Юрась (пагрозьліва) – Агата...
Агата – Я толькі праўду кажу, яна думае толькі пісаць артыкулы ўсялякія і гуляць з тым тоўстым катом.
Зося – Мам, Ірма наогул котка, а ня кот! А цётка Яна кажа, што яна ня тоўстая, а поўненькая!
Агата – Бздуру кажа цётка Яна!
Юрась (сумна) – Агата, хопіць...

(Ева сыходзіць, верагодна, ў прыбіральную. Здаецца, дрэнна пачуваецца)

Мацей – Мілая, што зноўку? (Пачынае ўставаць)
Ева (сыходзячы) – Нічога, я вярнуся, не ўставай!
Арына – Сынок, сапраўды, не хвалюйся, Ева вернецца зараз.

(Паўза, ядуць моўчкі)

Агата – Я ведала, што Яна не прыедзе. Праца, праца, кот. Найстарэйшая, і яшчэ ня выйшла замуж!

(Багдан плача, Агата прымае яго ў рукі, супакойвае)

Зося – Мам!
Агата – Што зноўку, Зоська?
Зося – Колькі гадоў Цётцы Яне?
Агата – Што за пытаньне?
Зося – Ты не старэйшая за яе?

(Юрась сьмяецца)

Агата (злёгку злосна) – Ёй 30. І яшчэ 30 пражыве адной.
Зося – А табе колькі, мама?
Юрась (сьмяецца) – Не пытай далей, сонейка, я ж казаў, ас-ця-рож-на!
Мацей – Мы ўсе старыя, дарагая, толькі ты маладая назаўжды ў нашых вачах!
Агата – Зноўку паэзію пішаш, Мацей? Калі б ня быў сямейным чалавекам, я б падумала, што ты такі вар’ят, як і яна.
Мацей – Вар’ят!
Юрась (меланхалічна) – Ох, каб мой брат не сыйшоў з дому ў той дзень, 14 гадоў таму! Ці зразумееш ты, Агата?
Агата – Юрась, калі ласка... (Бярэ шклянку зь ягонае рукі)
Юрась (злы, стрымліваючы сьлёзы) – Ты, Агата, так Біблію любіш чытаць, а як жа “любі свайго брата, свайго суседа”?! Ах, каб мой брат быў меней адважны, меней шчыры, каб нарадзіўся не летуценьнікам! Каб быў часткаю шэрае масы, быў бы з намі! Добрым чалавекам ён быў, ня тое, што я! Ня тое, што я... А я жыву далей, і буду жыць! А брат... Чаму жа ён! Яму рана было сыйьсці, а мне ўжо позна, позна! А што ж рабіць, калі памерці позна? Калі сапраўды існуе ваш Бог, чаму ж сыходзяць заўжды добрыя, чаму ж тыя, хто здольны рабіць, дапамагаць, марыць?! Чаму...
Ігнат (злосна, халодна) – Пане Юрасю! Я ня буду цярпець такіх паводзінаў у маім доме.
Юрась – А я любіў яго, любіў! Нават такі чалавек, як я –  здольны любіць брата! Нельга яго не любіць было! Ах, каб брат быў са мной! Каб брат сядзеў пры гэтым столе, а ня я, махляр, нягоднік!
Ігнат – Хопіць!
Зося (зьдзіўлена) – Тата, ў цябе ёсьць брат?
Агата (напужана) – Зося!
Зося (па-дзіцячы) – Што-о?
Арына – Зоська, даражэнькая, глядзі, ці па ТБ імшу паказваюць. Добра, сонейка?
Зося (механічна) – Так, бабуля.

(Зося ўключае тэлевізар, находзіць імшу. Ідзе акт пакуты: “Спавядаюся Богу ўсемагутнаму і вам, браты і сёстры, што зграшыў я вельмі думкаю, словам, учынкам і занядбаньнем... Мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна... Таму прашу Найсьвяцейшую заўсёды Панну Марыю, усіх анёлаў і сьвятых,
і вас, браты і сёстры, памаліцца за мяне да Пана Бога нашага” Зноўку ядуць моўчкі. Агата вяртае Багдана ў калыску. Мацей ня есьць)

Ігнат – Арынка, нешта Ева доўга не вяртаецца, паглядзіш, што там зь ёй?
Арына – Так, маеш рацыю, зараз пайду.
Мацей – Мама, можа, варта мне...
Арына (пяшчотна) – Даражэнькі, не хвалюйся, пайду я. А ты еш, я ж бачу, што ты не ясі.

(Арына сыходзіць, канец першага акту)

jueves, 30 de abril de 2015

Я жывая, пакуль...

Ня буду прабачацца за тое, што так доўга не пісала. Па-першае, гэта ўжо норма. Па-другое, у мяне вельмі добрыя прычыны, каб не пісаць. Зараз патлумачу.

Я думала, што гэты момант ніколі ня прыйдзе (ці, можа, я думала, што не дажыву да гэтага), але празь месяц я скончу заняткі ва ўніверы. Потым іспыт будзе, і абарона дыплёмнае працы. І ўсё. Я зразумела, што час надта хутка ідзе, і ноччу бачу ўсё сваё жыцьцё перад вачыма. І ня ведаю, ці жыцьцё маё, ці я проста публіка...
Ужо ёсьць ІСБН кнігі (значыць, ёсьць прагрэс), але зноў, я ня ведаю, што праўда, а што сон. А можа ўсё сон, і я прачнуся ранкам, і ня буду ведаць беларускую мову, і трэба будзе пайсьці на выпускны праўнага факультэту, і я звычайная гішпанка, і далей буду гатавацца да (о!) дзяржаўнага іспыту, і будзе спакойнае, стандартнае жыцьцё пасьля доўгае ночы... Чаго я вельмі б не хацела.
Таму, покуль я жывая, покуль я пішу, я кіну вам сьціплы вершык, які я напісала для цудоўнага, надзвычайнага, вельмі мне дарагога чалавека. Вы, можа, ўжо бачылі яго ў фейсбуку, але той чалавек заслугоўвае, каб я паставала яшчэ раз:

Іронія


Нават цяпер сьмяюся, пажынаючы
Жарты, якія сама я пасеяла,
Бо сарказм, хоць бывае жорсткім,
Заўжды быў мне даспадобы
(І я - жанчына прынцыпаў).
[Сьмех у залі]
Сяджу я ў пачатку лета
Зь віном на дваіх,
А ты, яшчэ ў лютае вясьне,
Якая, як заўсёды, спазьнілася,
Таксама, пэўна, выбраў свой яд.
Жыцьцё далей ідзе,
Плыве рака, квітнее тубероза,
А зоркі ўсё ў тваіх руках
І далёка, ў мяне ў галаве.
А сумная, старэйшая пара
Сядзе ў гасьцях у восені жыцьця,
На адной канапе.
Разумеюць яны,
Што зоркі стагодзьдзі таму памерлі,
І ў іх, і ў мяне (ты слухаеш Black Sabbath)
Гучыць старая польская песьня:
''Ni we dwoje, ni bez Ciebie żyć''.
[Сьмех у залі]



miércoles, 11 de marzo de 2015

Працую, абяцаю!

Прывітаньне, дарагія сябры!

Вы думалі, я памерла? Ну, не. Прабачце, калі спадзяваліся :Р Усё са мной добра, проста я была ў Польшчы (яшчэ раз), потым былі такія невялічкія праблемы, а ўвогуле я пішу другую кнігу (навіны пра першую хутка), дыплёмную працу сканчваю, рыхтую дакумэнты да магістратуры... Таму Вы мяне ня так часта бачыце (і, можа, гэта файна) :)
Сёньня, каб ведалі, што насамрэч працую, пакажу вам новы вершык:

Siste, viator

Спыніся, падарожнік!
Хоць на хвіліну, спыніся
Там, дзе растуць пралескі
Пад старажытным дубам.
Спыніся, падарожнік, і памятай,
Гледзяючы назад,
Што трава пакрые твае сьляды.


Яшчэ адзін? Бо кораткі? Дооообра, яшчэ адзін :)



Spiritus asper

Адзін! 
Вастрыня, няспаньне.
Два, тры, чатыры,
Адвага, ўсьведамленьне.
Пяць, шэсьць,
Глыбокі ўздых.
Сем!
Аксід. Страх.
Восем, дзевяць...
Чаканьне.
Дзесяць!
Чысты боль, вечны боль.
Адзінаццаць-дванаццаць, трынаццаць, чатырнаццаць!
Падлога, сьмех.
Пятнаццаць-шаснаццаць.
Хата, вёска.
Семнаццаць!
Дзяўчына, каханьне...
Васемнаццаць,
Маці.
Дзевятнаццаць.
Чалавечнасьць... Душа!
Дваццаць!
Вакуум. Цішыня.

Малады чалавек сунуў руку ў кішэню і сыйшоў, бяз слоў.

Чалавек?

Што? Незразумелы? Ну, прабачце.

Да пабачэньня! :)

jueves, 15 de enero de 2015

Скарга як сродак зносін, ці асаблівасьці гішпанскае лёгкае гутаркі

Прывітаньне!

Як я абяцала, я зноўку тут, і ў гэты раз з новаю думкаю. Некалькі дзён таму, я дзесьці чытала, што звычайная форма лёгкае гутаркі ў Гішпаніі - гэта скарга. Ну, ці хаця бы пачынаецца адтуль, а потым можа быць амаль што заўгодна.

Насамрэч, гішпанцы вельмі любяць скардзіцца. І абсалютна на ўсё. Не таму што народ нешчасьлівы, а таму што гэта нейкі, скажам так, камунікатыўны вакуум. Гэта моўная асаблівасьць (калі што, культурная), але 90% скаргаў нічога ня значаць. Але, канешне, гэта абавязковая часьць гутаркі. Чалавек, у якога, маўлаў, усё добра - дзіўны, ці нават недалёкі :)

Пасьля прачытаньня гэтага артыкулу, я вырашыла зьвярнуць асаблівую увагу на лёгкую гутарку, каб пабачыць, ці гэтая норма насамрэч такая строгая, ці не. І так, насамрэч, калі я села ў таксоўку, і сказала кіроўцу, куды я, ён неадкладна адказаў, "добра. Фу, якія там шалёныя рэмонты, ужо аніяк не зразумееш, дзе можна ехаць, а дзе нельга, а тым больш пачалі праект менавіта ў пачатку навучальнага года, калі Вы ўсе ўжо ў Гранадзе, а можна было раней". І я, на аўтапілоце, дадала, "ну, так, гэта проста цуд. І веласіпедная дарожка ў гарах - нічога сабе праект". Я была расчараваная у сябе, таму што не люблю скардзіцца (калі няма добрае прычыны). Але ж таксіст гэтага вельмі чакаў. Было бы няветліва не скардзіцца. Ці супярэчыць. Нават горш. Я працягвала зьвяртаць на такія гутаркі ўвагу, і зразумела, што я толькі скарджуся у адказ. Бо не хачу быць недалёкаю... :)

А як вы мяркуеце? У Беларусі таксама такая лёгкая гутарка? Я гэта не адчувала, калі размаўляла зь беларусамі, але можа проста я размаўляла толькі з тымі, якія падобныя да мяне, і, як я, ці ня любяць лёгкую гутарку ўвогуле, ці больш любяць дзіўныя, пазітыўныя тэмы. І калі ўсё добра.

domingo, 11 de enero de 2015

Новы пачатак

Прывітаньне, мае чытачы! Можа быць, ужо трохі позна (як заўсёды са мной, я ведаю, прабачце, калі ласка), але віншую вас з Новым Годам!

Калісьці больш, калісьці меньш, я ужо больш, чым год, пішу гэты блёг, і мне вельмі прыемна, што ёсьць людзі, якім покуль цікава ўсё гэта чытаць.

Я павінная сказаць, што я вельмі задаваленая бачыць, які прагрэс робіць беларуская мова ў грамадстве. Так, я жыву далёка, але, як кажам у Гішпаніі, мне невялічкая птушка сказала, што кожны дзень часьцей чуваць мову ўсюды. Я таксама вельмі сур'ёзна займалася моваю, і я не магу быць шчасьлівейшая. Мая кніга зробленая (так, ведаю, што чакаеце. Я таксама чакаю :S), я выбрала сабе выдатную магістратуру (беларускую філялёгію) ў Варшаве (спадзяюся, прымуць мяне), мае заняткі "Мовы нанова" пачынаюцца зноўку ў сераду, і я закаханая у беларускую мову, як першы дзень, калі пачула. Не, нават мацьней. Спадзяюся, вы таксама!

Абяцаю больш пісаць у гэтым тыдні. Зараз проста ўжо дзьве гадзіны ночы, трэба спаткі неяк :)

Будзьце добрымі да іншых, будзьце адважнымі, будзьце сабою!

P.S. Мае пляны на 2015? Гэта сакрэт! Але даведаецеся, калі прыйдзе час. Абяцаю.