Mostrando entradas con la etiqueta паэзія. Mostrar todas las entradas
Mostrando entradas con la etiqueta паэзія. Mostrar todas las entradas

sábado, 1 de agosto de 2015

Усё добра :)

Пішуць, здаецца, мой зборнік "Раяль ля мора" нармалёва набываюць ужо (нагадваю, пакуль толькі ў Логвінава, і хутчэй за ўсё будзе прадавацца яшчэ празь інтэрнет). Прэзентацыі яшчэ не было, але яна адбудзецца адносна хутка, і я некалькі інтэрв'ю давала (магчыма, вы бачылі). Наконт "у мяне крыза, я не магу пісаць нічога", я мяркую, што я вылячылася:

Забытае слова

Гучаў сарказм і недарэчны сьмех,
І пасьміхнуўся незаўважна лёс,
Пяшчота памірала ўжо бязь сьлёз,
Апошні чорны лёд растаў, як грэх.

Маніла мімавольна я табе,
(Так! Мне як нож баліць тваё маўчаньне!)
Душа задала першае пытаньне,
А сэрца тым забытым словам б’е!

Ня можаш ты, я не хачу сказаць,
Што слова... Твайго слова не хапае,
І думаць пра тваю самоту - жах.

Да гэтага мы мусім прывыкаць,
Бо слова "годнасьць" нада мной лунае,
А над табой лунае слова ''страх”.


Не пытайцеся пра лірычнага гэроя, калі ласка :) Магчыма, напішу некалькі яшчэ санетаў.
Дам ведаць!



miércoles, 29 de julio de 2015

РАЯЛЬ ЛЯ МОРА Ў ПРОДАЖЫ Ў ЛОГВІНАВА

Ну, вось так. Мая кніга з'явілася ў продажы. Ну ведаеце. Логвінаў. Галерэя "Ў". Прасьпект Незалежнасьці блабла. Вы лепей ведаеце Менск за мяне, сябры.

АААААААААААААААААААААААААААА!!!!

miércoles, 15 de julio de 2015

Такая дзяўчына, як ты

Така, як ти
Буває раз на все життя
І то із неба


С. Вакарчук
Такая дзяўчына, як ты,
Павінная болей гуляць на вуліцы,
І чытаць крыху меней.
Чаго ты "Мобі Дык" узяла ўжо?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная карысна ўжываць вольны час,
А не вучыцца ў музычнай школе.
Чаго ты на піяніна так доўга граеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная гуляцца з хлопцамі,
А не пісаць паэзію.
Чаго ты сядзеш з гэтымі санетамі?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная паступіць адразу на мэдыцыну,
А не на нейкую філялёгію.
Чаго ты пра будучыню ня думаеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная валодаць перспектыўнымі мовамі,
А не незразумелымі дыялектымі.
Чаго ты так свой час марнуеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная выйсьці за прывабнага, заможнага, здаровага,
І ніяк інакш, ніяк.
Чаго ты так кепска іх выбіраеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная адназначна заўжды ўсьміхацца,
Бо грэх не карыстацца прыгажосьцю.
Чаго ты плачаш? Ну?

domingo, 28 de junio de 2015

Навіны-навіны-навіны + паэзія

Карацей:

1. Першы асобнік маёй кнігі ўжо гатовы. На наступным тыдні будуць яшчэ 99 :) Вось здымкі:







2. Я пераеду ў Варшаву 16-га верасьня. І ўжо набыла квіток у адзін бок!
3. Я кіну сюды пару новых вершаў. Яны не належаць да якой-небудзь з кніг (паклуль што). Хай тут будуць, каб я іх не згубіла (магу згубіць, магу):

Я ведаю, што ты мяне кахаеш,
Я ведаю - ніколі не забыў,
Я ведаю, бо кепска ты хаваеш,
Якім foutriquet быў!

Шкуматаў вецер восень нада мною,
І зь ім сыйшла пяшчота ўся зь мяне,
А ты галоўку маеш пад зямлёю
Comme une pomme de terre.

Зʼясі, mon âme, сам сваё каханьне:
Пасьпела зьненавідзець я цябе.
Я не дазволю, каб былі ваганьні,
Ты не чапай мяне!

Ня ведаю, чаму цябе ня стала,
Ужо не хачу ведаць. Мне tant pis!
Я раскахала, можа й не кахала, 
Вось мой адказ на твой халерны ліст!

Французская мова тут:

Foutriquet: ідыёт. "Малы" чалавек, якога ня варта слухаць.
Comme une pomme de terre: як бульбіна.
Mon âme: мая душа, каханы, і г. д.
Tant pis: усё адно.


Дзякуй табе за вялікае каханьне,
Якога не было.
Я цяпер адчувацьму цябе
У кожных руках,
У кожных вуснах,
У кожным малым каханьні,
Якое будзе (і будзе!).
Калі б ня боль, я б зачыняла вочы,
І прыдумвала б цябе кожны раз,
Ідэальнага цябе,
І жыла бы ў тваіх абдымках
(Трэба было застацца 
Адно ў аднога ў абдымках),
А так... Не, не магу.
Не хвалюйся, я зраблю выгляд,
І ты ня будзеш ведаць розьніцу,
Але, настойліва прашу,
Будзь прынамсі шчасьлівы
Ты.

sábado, 6 de junio de 2015

Памяць пра будучыню

Так, я скончыла трэцюю кнігу. Ну, што ж хочаце, лета пачынаецца, ёсьць час пісаць, дык пішу! Атож! Ну, прабачце, што публікую а такой позьняе гадзіне - я паказала адзін з новых вершаў сябру і ён вельмі захацеў яго апублікаваць (у гішпанскім перакладзе). І я падумала, што адначасова апублікую па-беларуску. Вось ён, з новае кнігі, гэта trailer-teaser толькі для вас:



Герніка


Гэта было ў Мадрыдзе, а менавіта

У цэнтры мастацва каралевы Сафіі

(Які мясцовыя жыхары называюць “Сафіду” –
Націск на “у”).
Малы хлопчык напужаўся, калі ўбачыў

Велізарную карціну “Герніка” Пікассо

(Дарэчы, па-гішпанску чытаецца “Пікасса” –
Націск на “а”).
Малы спытаў маладую маму:

–Мама, што за карціна?

Мама падыйшла і зачытала,

–Называецца “Герніка”, даражэнькі. Падабаецца?

Хлопчык абурыўся, і адказаў, ледзь стрымліваючы сьлёзы,

–Не! Брыдкая карціна, цёмная! Я баюся! Чаму яна такая?

Мама паціснула плячыма,

–Ня ведаю, Пікассо заўжды быў дзіўным, сонейка.

І яны пайшлі далей.


 Насамрэч, Пікассо намаляваў гэтую карціну

Не, каб упрыгожваць буржуазную гасьцёўню,

А каб людзі не забывалі пра вайну,

Што ў яго, на шчасьце ці на жаль,

Ня выйшла.


Тут пост майго сябра па-гішпанску: 
http://torzew.blogspot.com.es/2015/06/guernica.html

miércoles, 11 de marzo de 2015

Працую, абяцаю!

Прывітаньне, дарагія сябры!

Вы думалі, я памерла? Ну, не. Прабачце, калі спадзяваліся :Р Усё са мной добра, проста я была ў Польшчы (яшчэ раз), потым былі такія невялічкія праблемы, а ўвогуле я пішу другую кнігу (навіны пра першую хутка), дыплёмную працу сканчваю, рыхтую дакумэнты да магістратуры... Таму Вы мяне ня так часта бачыце (і, можа, гэта файна) :)
Сёньня, каб ведалі, што насамрэч працую, пакажу вам новы вершык:

Siste, viator

Спыніся, падарожнік!
Хоць на хвіліну, спыніся
Там, дзе растуць пралескі
Пад старажытным дубам.
Спыніся, падарожнік, і памятай,
Гледзяючы назад,
Што трава пакрые твае сьляды.


Яшчэ адзін? Бо кораткі? Дооообра, яшчэ адзін :)



Spiritus asper

Адзін! 
Вастрыня, няспаньне.
Два, тры, чатыры,
Адвага, ўсьведамленьне.
Пяць, шэсьць,
Глыбокі ўздых.
Сем!
Аксід. Страх.
Восем, дзевяць...
Чаканьне.
Дзесяць!
Чысты боль, вечны боль.
Адзінаццаць-дванаццаць, трынаццаць, чатырнаццаць!
Падлога, сьмех.
Пятнаццаць-шаснаццаць.
Хата, вёска.
Семнаццаць!
Дзяўчына, каханьне...
Васемнаццаць,
Маці.
Дзевятнаццаць.
Чалавечнасьць... Душа!
Дваццаць!
Вакуум. Цішыня.

Малады чалавек сунуў руку ў кішэню і сыйшоў, бяз слоў.

Чалавек?

Што? Незразумелы? Ну, прабачце.

Да пабачэньня! :)

jueves, 11 de septiembre de 2014

100 шчасьлівых дзён - 7

Сёньня ў мяне, калі шчыра, быў складаны дзень. Я ў начы не спала, хварэла, было даволі кепска. Але тое, што зрабіла мяне шчасьлівай сёньня, гэта даведацца, што магу ператвараць цяжкую сітуацыю ў літаратуру (добрую ці дрэнную, глядзіце самі):



Слава

Хто жыве на каленьнях, той славы не пазнае,
Ні гонару, радзімы, ні праўды, ні сяброў,
Хіба сьмех недарэчны, насамрэч поўны страху,
Хаваючы ледзь злы, мацнейшы сьмех багоў.

Пралітае крыві кропля вольнага чалавека
Каштуе больш медаляў на ганебных грудзях.
Але ж у бога сьмерці ня скончыцца цярпеньне,
Усталюе няўмольны ён парадак жыцьця.

Слава падранае форме
Слава мёртваму целу!
Слава ране сьмяротнае ды лужыне крыві!
Слава забытым волатам ды іхнае радзіме!
Апошняму дыханьню адважнае душы!

Хай і барды ня будуць пасьля мяне спяваць,
Ды заўтра будзе цемра бязьлітасная ўсюды.
Слава залатым крылам ды сьціпламу жаўнеру,
Хто будзе жыць у сэрцу радзімы назаўжды!

domingo, 7 de septiembre de 2014

100 шчасьлівых дзён - 3

Сёньня дзень быў ня вельмі добры, але я атрымала малюнак для вокладкі сваёй кнігі, "Раяль ля мора", і я вельмі радая :) Зрабіў мой добры сябар Максім Шастакоў. Ён, дарэчы, цудоўны мастак, вельмі таленавіты хлопец. Усім раю з'вяртацца да мяне, калі вам цікава даведацца больш пра ягоныя працы :)


viernes, 29 de agosto de 2014

Пра паэтаў

Прабачце, што зноўку неяк доўга не пісала. У мяне ў гэтым годзе было шмат асабістых праблемаў (хаця і таксама некалькі прыемных неспадзяванак), і апошнім часам у мяне быў крызіс, таму што я ўжо ня ведала, ці я добры чалавек. Пра некалькі з фактораў можна пісаць, хаця бы трохі, пра іншыя не хачу. Таму што, можа быць, яшчэ ня маю права, ці таму што проста вельмі непрыемна. Ня хочацца, каб вы думалі, што ў мяне ў галавы вельмі непрыемныя рэчы. А калі распавядаю здаецца, што вельмі, а насамрэч не. Я вырашыла, што хутчэй за ўсё я добрая, а проста зразумела, што ёсьць і ня вельмі добрыя, нават побач са мной. Але про це не треба говорити, як пісала мая ўлюбёная ўкраінская паэтка, Ліна Кастэнка.

Вось, якраз размаўляем пра паэтаў, давайце лепей працягваць гэтую размову. Ці ў вас было калі-некалі такое адчуваньне, што нейкага старага-вельмі старага паэта ведаеце асабіста? Што ён (ну, ці яна :) ) ёсьць вашым сябрам? І ня толькі тое, што ён вам сябар, а нават, што ў яго ёсьць і свая роля паміж вашымі сябрамі? Калі не, напэўна вы ўжо вырашылі, што я вар'ятка. А калі так, я хацела бы сёньня распавесьці, што ў мяне былі (ёсьць?) такія адносіны з цудоўным гішпанскім паэтам Г. А. Беккерам (спадзяюся, што так пішацца па-беларуску. Гэта не гішпанскае прозьвішча, доўгая гісторыя). Пісаў ён ня толькі прыгожыя вершы, але й апавяданьні жахаў і іншыя цікавыя рэчы. Я з дзяцінства чытала і любіла яго. Ён стаў маім сябрам.

Ёсьць у Беккера такі верш пра каханьне, Rima 53 (калі валодаеце гішпанскай мовай, абавязкова чытайце!), дзе ён пісаў прыкладна такое:

Але нямы, зачараваны і на каленях,
Як пакланяцца Богу перад алтаром,
Так, як я цябе кахаў, не хлусі сабе,
Ніхто кахаць ня будзе.

Так-так-так, я ведаю, фу, вершы 19-га стагодзьдзя, фу. Дык, мне падабаюцца. Як чалавек, я хачу верыць, што паэт пісаў проста так, што яна наогул не існавала, што гэта проста верш. Як паэтка, я думаю, што дзяўчынка ўсё ж такі была. Але праблема ў тым, што мяне зусім не хвалюе, ці дзяўчыну гэтую кахалі зноўку, як кахаў спадар Беккер. Мне паненка чыхаць. А мне важна ведаць толькі, ці Беккер пасьля яе кахаў іншую, як кахаў менавіта дзяўчыну ў вершы 53. Ці паэты кахаюць па-іншаму? Ня ведаю, я не кахала інакш. Ці можна кахаць больш, чым адзін раз? Хочацца думаць, што можна закахацца кожны дзень, хоць у жыцьцё. 

lunes, 11 de agosto de 2014

Жаночая малітва

Як я абяцала ўчора, вось адзін мой новы верш, які апублікую ўпершыню тут, а потым, можа быць, ужо ў другой кнізе (Салавей сьпявае жаночым голасам). Як вы, напэўна, ўжо заўважылі, я вельмі шаную сваю жаночую ідэнтычнасьць, і думаю, варта пісаць некалькі вершаў аб гэтым. Але, канешне, я вельмі люблю і сваіх мужчынскіх чытачоў, і думаю, мы ўсе павінныя працаваць разам, каб стварыць лепшую рэчаіснасьць (у Беларусі і ў сусьвеце). Таму, абяцаю, што не ўся кніга будзе пра жанчын :)

Жаночая малітва.

За маленькую фею, хто больш лятаць ня зможа,
За паненку ў люстэрку, хто марыць быць прыгожай,
Ora pro nobis, Maria.

За бабулю, хто любіць сваёй дачкі дзяцей,
За мадэльку, хто кушаць пойдзе трохі пазьней,
Ora pro nobis, Maria.

За дзяўчыну, хто ў школу хадзіць ужо ня будзе,
За тую, хто ўвесь дзень на заводзе працуе,
Ora pro nobis, Maria.

За нявесту, што замуж бацька дасьць незнаёмцу,
За студэнтку, хто будзе чытаць яшчэ старонку,
Ora pro nobis, Maria.

За старую дзяўчыну, хто кветак не атрымае,
За няверную жонку, хто мужа не кахае,
Ora pro nobis, Maria.

За прастытутку ранкам, хто ідзе па дарозе,
За паэтку, хто піша, седзячы на падлозе,
Ora pro nobis, Maria.

За матулю, хто толькі адыйшла на хвілінку,
І за тую, хто сёньня нарадзіла дзяўчынку,
Ora pro nobis, Maria.

domingo, 10 de agosto de 2014

Навіны пра кнігу

Прывітаньне!

Сёньня я пішу, каб сказаць, што я не памерла :) Я ведаю, што я павінная была пісаць часьцей, чым пісала, а не наадварот, але ў мяне было даволі шмат праблемаў, я была стомленая, часам не было інэта, часам я проста не магла, ці ня ведала, што пісаць. Тым больш мая кніга, калі ўсё будзе добра, хутка выйдзе, і я гэтым пытаньнем займалася. Спадзяюся, вы зразумееце.

Распавяду, тады, трошачкі пра кнігу: кніга называецца Раяль ля мора, і ў ёй будуць 45 маіх беларускіх вершаў, плюс некалькі перакладаў (я пераклала свае вершы зь гішпанскае, ангельскае ды украінскае на беларускую) :) Тэмы вершаў розныя, ёсьць, канешне, каханьне, палітыка (але ж толькі трохі), гумар, ідэнтычнасьць, прырода і, канешне, Беларусь. Можа й нешта забываю, ня памятаю. Яшчэ трэба сказаў, што выдатны паэт ды філосаф Міхаіл Баярын напісаў прадмову да маёй кніжкі, што вельмі файна :)

І лепшая (ці, можа, горшая) навіна - я ўжо думаю пра другую кнігу, калі спадабаецца першая. Магчымая назва - Салавей сьпявае жаночым голасам. Заўтра, абяцаю, пакажу новы верш (магчыма з гэтае гіпатэтычнае другой кнігі).

sábado, 26 de abril de 2014

Горад

Прашу прабачэньня за тое, што ўчора нічога не пісала. У мяне была маленькая медыцынская праблема й я не пасьпела займацца блёгам. Ну, спадзяюся, нічога, калі я напішу сёньня!

Цікава, што апошнім часам я пішу вельмі шмат вершаў (добрая навіна для тых, хто любіць мая паэзыя). Хаця я працягваю пісаць артыкулы (я скончыла артыкул для Regard sur l'Est, ён выйдзе ў чэрвені), я зразумела, што можна шмат чаго перадаць праз лірыку, і вельмі хочацца максімальна даследаваць гэтае поле!

У любым выпадку, у мяне ў галаве ўжо неколькі дзёнь ёсьць пэўны верш, які я яшчэ чамусьці напісаць ня здолела. Я пасьпрабую яго прама ў блёг скласьці, бо хачу ім з вамі падзяліцца.

Як чытаеце ў назве поста, я кажу пра верш-горад. Сказана так, гэта можа выглядаць як даволі дзіўнае паняцьце, але насамрэч паэты (хаця, вядома, сапраўдныя, напэўна, а не такія, як я :Р) ня рэдка пішуць вершы пра гарады, ці нават для гарадоў, якія для іх маюць асаблівае значэньне па той ці іншай прычыне.

Ну, я больш ня буду балбатаць (так, я трохі баюся пачаць пісаць!). Толькі скажу, што гэта горад у Беларусі, і што я (далёка) ня першы чалавек, які піша пра яго. Я прыдумала, што гэта можа быць пачаткам сэрый вершаў, і было бы цудоўна, калі бы вы, мае чытачы, пісалі мне, які ваш улюбёны горад у вашай краіне, і чаму ён для вас важны :) А вось мой першы верш:

Горад

Легенда абвяшчае, што дзесьці ёсьць горад,
Восеньню золата і агню,
Дзе зіма разразае паветра, як тысяча нажоў,
Пакідаючы кроплі крыві, зь якіх будуць расьці кветкі
Вясны, якая заўсёды спазьняецца.
Горад, які абмываецца успамінам пра паўночнае мора
Ды старадаўныя сны.
Дзесьці ёсьць горад, дзе трэба прабачаць неба
За ягоную шэрасьць, за шчырасьць.
Горад, куды ўсмешкі ідуць на сьмерць,
Дзе хаваецца каханьне пад белай коўдрай,
А паэзія пад зямлёй.
Горад, які выжыў сто бітваў,
Верхам на першабытным кані.
Горад, дзе, быць можа, жыве той чалавек,
І губляецца сярод сумных, чужых твараў у мэтро,
І адначасова бачыш, і ня бачыш.
Горад, дзе хтосьці знаходзіць шчасьце...
А хтосьці, ну, ня тое, праўда, што шчасьце,
Але вельмі падобнае адчуваньне.
Гэтага дастаткова.

sábado, 5 de abril de 2014

Новы час

Прабачце, што я так позьна сёньня пішу! Дык, ужо субота :( Ну, проста я ўвесь дзень працавала, бо пішу артыкул (пра Беларусь, вядома) для французскай газеты Regard sur l'Est. Мяне запрасілі як аўтар. Артыкул я пакажу, калі скончу.

А сёньня я пакажу Вам тое, што апублікавала пра мяне беларуская (і прычым беларускамоўная) газета Новы час. Там вершы ды тэксты ў паэтычнай прозе. Некалькі зь іх былі ўжо на гэтым блёгу, а некалькі зусім новыя. Спадзяюся, што Вам спадабаюцца.



viernes, 28 de marzo de 2014

Вершы

Сёньня апублікаваліся мае вершы ў газеце "Новы час"! Думаю, можна й тут апублікаваць сёе-тое :) Гэта, іранічна, працяг верша "Пасьля вайны". Прысьвячаю Ўкраіне.



Вайна

А ў запале бітвы
У (цяпер нашым) горадзе ціха,
І ў пакоі цяпло.
У трывожным спакоі ночы
Сьнег падае павольна.
Толькі каля белага будынка,
Дзе працуюць шэрыя мужчыны і жанчыны
(Цяпер таксама ноччу)
Гараць сьвечкі, зьнікаюць кветкі
Белыя, чырвоныя, блакітныя, жоўтыя...
Яны ў цемры ўсе аднолькавыя.
Кроў на камянях плошчы,
Новая, сухая,
Металічны смак удару
(Ці ўспамін пра яго):
Усё ў цемры аднолькава.
Слёзы.
Разьвітаемся. Цалуемся.
Ты кажаш, “я цябе кахаю”,
Я кажу, “я таксама”.
Мы кажам, “беражы сябе”.
Думаем, “які складаны час, каб закахацца!”.
Гэтага ня кажам.
Ідуць танкі.

viernes, 14 de marzo de 2014

Вар'яцва

Свет сыходзіць з розуму. Сітуацыя ў Крыме - шалёная. Самалёты раптам знікаюць. Людзі не вераць у каханьне.

А я сяджу ў інтэрнаце ў Гранадзе й пішу па-беларуску (яшчэ й тарашкевіцай!). Паэзію. Пра палітыку. Пра смерць. І вельмі часта пра каханьне. Пра маё каханьне. І веру.

Ёсьць, вядома, такія моманты, калі я думаю, ці варта. Ці варта пісаць, рабіць, спяваць... Кахаць. Потым я гляджу на каляндар. Бачу, што ў нас год 2014. Складаны час, будуць казаць праз гадоў 50. Ці 100. Напэўна. Я разумею, што не толькі "варта", а "трэба". "Абавязкова". І пішу я далей, і рыхтуюся да наступнага года.

Я думаю пра сябе, пра свой шлях у жыцьці. Мне 21 год, і я вельмі шмат навучылася за мала часу. Я пачыналася пісаць пра Беларусь у сьнежні 2010. Мне было тады 17 (так, вы моцныя ў матэматыцы). Я тады нават не ведала беларускую мову (вельмі мне сорамна), але ж я ўжо ведала, што хачу пісаць пра вас. Пра Беларусь. І пра свабоду. І пра каханьне. Пажадана ў адным сказе.

І яшчэ хачу.

Кажуць, што что-то не так. Я лічу, што шмат чаго ня так. І ў мяне таксама. Я псіхалагічна трохі няўстойлівая, я маладая, у мяне шмат сумневаў і я раблю памылкі, калі пішу па-беларуску (асабліва тарашкевіцай!). Але ўсё ж такі, я ведаю, што пісаць трэба, і вельмі шмат. І спяваць. І кахаць, нават калі думаеш, што зноўку зробяць балюча.

Пішыце! Не думайце пра памылкі, пра кляксы. Будзе дасканалы верш. Спявайце! грайце, нават калі гітара дрэнна настроена. Будзе новы, слаўны гімн. Кахайце! Не думайце пра благае. Не бойцеся, што зробяць балюча зноўку. Знойдзецца чалавек, які ніколі не пашкодзіць.

І любіце Радзіму. Будзе будучыня.

Дабранач. Я буду пісаць далей, і адпачываць.

viernes, 7 de marzo de 2014

Рыгору Іванавічу Барадуліну


Бездапаможнасьць

Чаму не згасла сонца?
Чаму не пераапранулася неба
У чорныя хмары?
Чаму не замаўчаў сьмех?
Чаму не перасталі гуляць дзеці на вясёлай вуліцы?
Чаму, ўсё ж такі, пачалася вясьна?
Чаму вярнуліся чорныя ластаўкі
Да нашага гаўбца?
Чаму цябе няма?
Чаму яго няма?
Чаму радуюцца людзі?
Хіба не бачаць, што няма паэзіі?

viernes, 28 de febrero de 2014

Пасьля вайны

Так застаўся пакой пасьля вайны:
Чатыры апельсіны ў пакеціку,
(Ці, можа, толькі тры).
Твой пах у паветры. Мой пах.
Наш з табой пах.
Палова бутэлькі віна,
Мора пасьцельнай бялізны,
Скрынка чагосьці салодкага
(Пустая, вядома),
Ружы, чырвоныя ружы на падваконьніку.
Маё сэрца. Тваё сэрца.
Наша з табой сэрца.
На падваконьніку паміраюць.
І ўспаміны...
Так застаўся пакой пасьля вайны.
(Нашай з табой вайны).