Mostrando entradas con la etiqueta каханьне. Mostrar todas las entradas
Mostrando entradas con la etiqueta каханьне. Mostrar todas las entradas

miércoles, 15 de julio de 2015

Такая дзяўчына, як ты

Така, як ти
Буває раз на все життя
І то із неба


С. Вакарчук
Такая дзяўчына, як ты,
Павінная болей гуляць на вуліцы,
І чытаць крыху меней.
Чаго ты "Мобі Дык" узяла ўжо?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная карысна ўжываць вольны час,
А не вучыцца ў музычнай школе.
Чаго ты на піяніна так доўга граеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная гуляцца з хлопцамі,
А не пісаць паэзію.
Чаго ты сядзеш з гэтымі санетамі?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная паступіць адразу на мэдыцыну,
А не на нейкую філялёгію.
Чаго ты пра будучыню ня думаеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная валодаць перспектыўнымі мовамі,
А не незразумелымі дыялектымі.
Чаго ты так свой час марнуеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная выйсьці за прывабнага, заможнага, здаровага,
І ніяк інакш, ніяк.
Чаго ты так кепска іх выбіраеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная адназначна заўжды ўсьміхацца,
Бо грэх не карыстацца прыгажосьцю.
Чаго ты плачаш? Ну?

domingo, 28 de junio de 2015

Навіны-навіны-навіны + паэзія

Карацей:

1. Першы асобнік маёй кнігі ўжо гатовы. На наступным тыдні будуць яшчэ 99 :) Вось здымкі:







2. Я пераеду ў Варшаву 16-га верасьня. І ўжо набыла квіток у адзін бок!
3. Я кіну сюды пару новых вершаў. Яны не належаць да якой-небудзь з кніг (паклуль што). Хай тут будуць, каб я іх не згубіла (магу згубіць, магу):

Я ведаю, што ты мяне кахаеш,
Я ведаю - ніколі не забыў,
Я ведаю, бо кепска ты хаваеш,
Якім foutriquet быў!

Шкуматаў вецер восень нада мною,
І зь ім сыйшла пяшчота ўся зь мяне,
А ты галоўку маеш пад зямлёю
Comme une pomme de terre.

Зʼясі, mon âme, сам сваё каханьне:
Пасьпела зьненавідзець я цябе.
Я не дазволю, каб былі ваганьні,
Ты не чапай мяне!

Ня ведаю, чаму цябе ня стала,
Ужо не хачу ведаць. Мне tant pis!
Я раскахала, можа й не кахала, 
Вось мой адказ на твой халерны ліст!

Французская мова тут:

Foutriquet: ідыёт. "Малы" чалавек, якога ня варта слухаць.
Comme une pomme de terre: як бульбіна.
Mon âme: мая душа, каханы, і г. д.
Tant pis: усё адно.


Дзякуй табе за вялікае каханьне,
Якога не было.
Я цяпер адчувацьму цябе
У кожных руках,
У кожных вуснах,
У кожным малым каханьні,
Якое будзе (і будзе!).
Калі б ня боль, я б зачыняла вочы,
І прыдумвала б цябе кожны раз,
Ідэальнага цябе,
І жыла бы ў тваіх абдымках
(Трэба было застацца 
Адно ў аднога ў абдымках),
А так... Не, не магу.
Не хвалюйся, я зраблю выгляд,
І ты ня будзеш ведаць розьніцу,
Але, настойліва прашу,
Будзь прынамсі шчасьлівы
Ты.

sábado, 6 de junio de 2015

П'еса (IV)

Акт чацьвёрты

(Перад хатай стаяць Юрась і Агата. Ён паліць, яна стаіць побач зь ім глядзіць кудысьці ўверх, сьвяціць месяц)

Юрась (гледзячы на Агату) – Агатка, сёньня, ты такая прыгожая, як у той дзень, калі ты падыйшла да мяне і сказала, “Юрась, мы абавязкова мусім ажаніцца!” Памятаеш, як ты хвалявалася?
Агата – Юрась!
Юрась (кідае цыгарэту) – Я! Чым я магу дапамагчы сваёй гожае прынцэсе?
Агата (сарамліва) – Я не магу, калі ты такія рэчы кажаш... Ты ведаеш, што саромеюся!
Юрась (з замілаваньнем) – Гэта міла. Як ты хвалюесься цяпер, і як хвалявалася тады!
Агата – Вядома, хвалявалася...
Юрась – А памятаеш, як я і так меў ужо пярсьцёнкі? Нічога я болей не хацеў, чым гэтага!
Агата – Памятаю, вядома... Я назаўжды запомніла гэты дзень!
Юрась – І я, дарагая. Памятаю, нібы ўсё гэта ўчора было.
Агата – Шкадуеш?
Юрась – Не! Ты што, ты што? Чаго ты гэта, мілая? Вядома, не шкадую! (Цалуе Агату шматразова ў шчокі)
Агата – Ты ўпэўнены?
Юрась – Агата, я кахаю цябе, заўжды кахаў... Зь першае хвіліны.

(Агата плача)

Юрась – Ня плач, дарагая, ня плач (выцірае ейныя сьлёзы). Прабач мне, што ня даў табе жыцьцё, якое заслугоўваеш, маё каханьне.
Агата – Я таксама цябе кахаю.
Юрась – Я буду змагацца дзеля цябе і дзяцей, абяцаю.
Агата – Не абяцай мне нічога, калі ласка.
Юрась – Агатка...

(Юрась абдымае Агату ззаду, Агата плача)

Агата – Ведаеш, мая сястра... Яна прапанавала мне пераехаць у Менск да яе, калі даведалася пра сітуацыю тады. Сказала, што мы вырашым праблему, я змагу вучыцца, працаваць, будзем жыць разам. Яна не хацела, каб Мацей і я засталіся ў вёсцы... А ў мяне сям’я, і ў брата пачынаецца, а Яна чамусьці не прыехала. А на нашае вясельле прыехала. Не была згодная, але прыехала... Я мушу прызнацца, тыя грошы, якія ў мяне былі, калі мы пачалі жыць разам, іх мне Яна падарыла. Так, і жахлівую карціну – таксама. (Юрась іранічна глядзіць на Агату) –Ды не глядзі на мяне так, Яна сказала, што гэта поп-арт. Яна лепей разумее мастацва, чым ты і я. (Кароткая паўза) –Ну, а Зоську яна вельмі любіць, вядома. Кажа, што яна падобная да мяне ў тым узросьце... Яна вельмі любіць мяне... Таму і прапанавала такое. Яна толькі лепшага хацела, толькі лепшага для мяне, для маладзейшае сястры... Я яе толькі цяпер разумець пачала!
Юрась – Шкадуеш?
Агата – Што?
Юрась – Агата, ты шкадуеш, што не пераехала ў Менск да сястры?
Агата – Не.

(Цалуюцца)

Юрась – Я ня варты цябе.
Агата – Бздура! Варты, чаго ты так? Я кахаю цябе, я таксама заўжды цябе кахала. Ну, дакладней, дзякуючы табе я ёсьць, кім я ёсьць. Раней я папросту вучылася, падпарадкавалася бацькам, хадзіла ў касьцёл. І так, праўда, яшчэ хаджу. Але я хутка зразумела, што толькі дзеля цябе і з табой я магу быць іншай, сваёй... Я стала сьмелай, пачала нешта рабіць дзеля сябе. Нават першы раз хлусіла бацькам...
Юрась (іранічна, сумна) – Ну, і глядзі, як гэта ўсё скончылася! Жывеш разам зь нягоднікам, грошаў ніколі не хапае...
Агата – Прабач, але я жыву разам з каханым чалавекам. Ніхто ніколі мне не абяцаў, што шлюб і сямейнае жыцьцё – гэта ўсё весела і лёгка. Я ўсё жыцьцё марыла выйсьці замуж. Я была на гэта гатовая, хоць і атрымалася неяк інакш, чым я думала. І я кажу менавіта “інакш”, а ня “горш”. Зося цудоўная дзяўчына, Багдан моцным і разумненькім расьце...
Юрась – Прабач мне, я ня варты вас...
Агата – Юрась, мы ўсе памыляемся, мы ўсе грэшым. Для мяне ты найлепшы мужчына на сьвеце. Да таго ж, не пакусала б я твой яблык – Мы б не былі разам.

(Юрась сьмяецца)

Агата – Што тут такога сьмешнага?
Юрась – Першы раз чую, каб называлі яго яблыкам!
Агата (абураная) – Юрась! Каб хадзіў са мной раз-пораз, сьмяяўся бы меней!
Юрась – Ты дужа мілая, калі злуесься!

(Агата і Юрась коратка глядзяць адно на аднаго, Юрась потым пачынае глядзець уніз, на падлогу, Агата кладзе руку яму на плячо)

Юрась – Як я магу ўсё выправіць, што нарабіў? Як я магу кампенсаваць табе і дзецям за гэтыя жахлівыя годы? Я гатовы на ўсё, але ня ведаю, ад чаго пачаць, мілая!
Агата – Я кахаю цябе. І я ведаю, што ты таксама мяне кахаеш.
Юрась – Агатка, аднога каханьня не дастаткова... Часам і каханьне бывае лішнім.
Агата – Ты амаль такім сур’ёзным стаў, такім суворым, як мой бацька.
Юрась – Але гэта праўда! Я так балюча табе зрабіў! Я не прабачу сабе!
Агата – А трэба! Я веру ў пакаяньне, Юрась. Я хрысьціянка.
Юрась – Ты цудоўная.

(Юрась цалуе Агату ў вусны, абдымае яе сэксуальна, пачынае цалаваць у шыю)

Агата (пачынае зьлёгку стагнаць) – Ты што! Ня зараз, ня перад хатаю маіх бацькаў!
Юрась – Мы ўсе грэшым, мы ўсе памыляемся... Ёсьць і салодкія памылкі... Перад хатаю нельга, кажаш, пайшлі за хату, Агатка!

(Трымаючыся за руку, хутка сыходзяць за хату, канець чацьвёртага акту)

viernes, 29 de agosto de 2014

Пра паэтаў

Прабачце, што зноўку неяк доўга не пісала. У мяне ў гэтым годзе было шмат асабістых праблемаў (хаця і таксама некалькі прыемных неспадзяванак), і апошнім часам у мяне быў крызіс, таму што я ўжо ня ведала, ці я добры чалавек. Пра некалькі з фактораў можна пісаць, хаця бы трохі, пра іншыя не хачу. Таму што, можа быць, яшчэ ня маю права, ці таму што проста вельмі непрыемна. Ня хочацца, каб вы думалі, што ў мяне ў галавы вельмі непрыемныя рэчы. А калі распавядаю здаецца, што вельмі, а насамрэч не. Я вырашыла, што хутчэй за ўсё я добрая, а проста зразумела, што ёсьць і ня вельмі добрыя, нават побач са мной. Але про це не треба говорити, як пісала мая ўлюбёная ўкраінская паэтка, Ліна Кастэнка.

Вось, якраз размаўляем пра паэтаў, давайце лепей працягваць гэтую размову. Ці ў вас было калі-некалі такое адчуваньне, што нейкага старага-вельмі старага паэта ведаеце асабіста? Што ён (ну, ці яна :) ) ёсьць вашым сябрам? І ня толькі тое, што ён вам сябар, а нават, што ў яго ёсьць і свая роля паміж вашымі сябрамі? Калі не, напэўна вы ўжо вырашылі, што я вар'ятка. А калі так, я хацела бы сёньня распавесьці, што ў мяне былі (ёсьць?) такія адносіны з цудоўным гішпанскім паэтам Г. А. Беккерам (спадзяюся, што так пішацца па-беларуску. Гэта не гішпанскае прозьвішча, доўгая гісторыя). Пісаў ён ня толькі прыгожыя вершы, але й апавяданьні жахаў і іншыя цікавыя рэчы. Я з дзяцінства чытала і любіла яго. Ён стаў маім сябрам.

Ёсьць у Беккера такі верш пра каханьне, Rima 53 (калі валодаеце гішпанскай мовай, абавязкова чытайце!), дзе ён пісаў прыкладна такое:

Але нямы, зачараваны і на каленях,
Як пакланяцца Богу перад алтаром,
Так, як я цябе кахаў, не хлусі сабе,
Ніхто кахаць ня будзе.

Так-так-так, я ведаю, фу, вершы 19-га стагодзьдзя, фу. Дык, мне падабаюцца. Як чалавек, я хачу верыць, што паэт пісаў проста так, што яна наогул не існавала, што гэта проста верш. Як паэтка, я думаю, што дзяўчынка ўсё ж такі была. Але праблема ў тым, што мяне зусім не хвалюе, ці дзяўчыну гэтую кахалі зноўку, як кахаў спадар Беккер. Мне паненка чыхаць. А мне важна ведаць толькі, ці Беккер пасьля яе кахаў іншую, як кахаў менавіта дзяўчыну ў вершы 53. Ці паэты кахаюць па-іншаму? Ня ведаю, я не кахала інакш. Ці можна кахаць больш, чым адзін раз? Хочацца думаць, што можна закахацца кожны дзень, хоць у жыцьцё. 

viernes, 28 de marzo de 2014

Вершы

Сёньня апублікаваліся мае вершы ў газеце "Новы час"! Думаю, можна й тут апублікаваць сёе-тое :) Гэта, іранічна, працяг верша "Пасьля вайны". Прысьвячаю Ўкраіне.



Вайна

А ў запале бітвы
У (цяпер нашым) горадзе ціха,
І ў пакоі цяпло.
У трывожным спакоі ночы
Сьнег падае павольна.
Толькі каля белага будынка,
Дзе працуюць шэрыя мужчыны і жанчыны
(Цяпер таксама ноччу)
Гараць сьвечкі, зьнікаюць кветкі
Белыя, чырвоныя, блакітныя, жоўтыя...
Яны ў цемры ўсе аднолькавыя.
Кроў на камянях плошчы,
Новая, сухая,
Металічны смак удару
(Ці ўспамін пра яго):
Усё ў цемры аднолькава.
Слёзы.
Разьвітаемся. Цалуемся.
Ты кажаш, “я цябе кахаю”,
Я кажу, “я таксама”.
Мы кажам, “беражы сябе”.
Думаем, “які складаны час, каб закахацца!”.
Гэтага ня кажам.
Ідуць танкі.

viernes, 14 de marzo de 2014

Вар'яцва

Свет сыходзіць з розуму. Сітуацыя ў Крыме - шалёная. Самалёты раптам знікаюць. Людзі не вераць у каханьне.

А я сяджу ў інтэрнаце ў Гранадзе й пішу па-беларуску (яшчэ й тарашкевіцай!). Паэзію. Пра палітыку. Пра смерць. І вельмі часта пра каханьне. Пра маё каханьне. І веру.

Ёсьць, вядома, такія моманты, калі я думаю, ці варта. Ці варта пісаць, рабіць, спяваць... Кахаць. Потым я гляджу на каляндар. Бачу, што ў нас год 2014. Складаны час, будуць казаць праз гадоў 50. Ці 100. Напэўна. Я разумею, што не толькі "варта", а "трэба". "Абавязкова". І пішу я далей, і рыхтуюся да наступнага года.

Я думаю пра сябе, пра свой шлях у жыцьці. Мне 21 год, і я вельмі шмат навучылася за мала часу. Я пачыналася пісаць пра Беларусь у сьнежні 2010. Мне было тады 17 (так, вы моцныя ў матэматыцы). Я тады нават не ведала беларускую мову (вельмі мне сорамна), але ж я ўжо ведала, што хачу пісаць пра вас. Пра Беларусь. І пра свабоду. І пра каханьне. Пажадана ў адным сказе.

І яшчэ хачу.

Кажуць, што что-то не так. Я лічу, што шмат чаго ня так. І ў мяне таксама. Я псіхалагічна трохі няўстойлівая, я маладая, у мяне шмат сумневаў і я раблю памылкі, калі пішу па-беларуску (асабліва тарашкевіцай!). Але ўсё ж такі, я ведаю, што пісаць трэба, і вельмі шмат. І спяваць. І кахаць, нават калі думаеш, што зноўку зробяць балюча.

Пішыце! Не думайце пра памылкі, пра кляксы. Будзе дасканалы верш. Спявайце! грайце, нават калі гітара дрэнна настроена. Будзе новы, слаўны гімн. Кахайце! Не думайце пра благае. Не бойцеся, што зробяць балюча зноўку. Знойдзецца чалавек, які ніколі не пашкодзіць.

І любіце Радзіму. Будзе будучыня.

Дабранач. Я буду пісаць далей, і адпачываць.