Mostrando entradas con la etiqueta шчасьце. Mostrar todas las entradas
Mostrando entradas con la etiqueta шчасьце. Mostrar todas las entradas

martes, 7 de julio de 2015

Чарговы раз мушу папрасіць прабачэньня

У 1993 г. я была маладая, маё жыцьцё было прасьцейшае.
На днях павінны высьці мой першы зборнік "Раяль ля мора". Гэта ўжо дастаткова добрая прычына, каб прабачацца :) Але я ведаю, што ёсьць такія чытачы, каму падабаюцца (некаторыя) мае вершы, таму за гэта менавіта прабачацца ня буду, а наадварот. Ну, па-першае, я даволі часта атрымліваю паведамленьні, людзі пытаюцца пра кнігу. Я таксама вельмі чакаю. І моцна хвалююся. Я таксама ня ведаю, калі менавіта выйдзе. Выбачаюся!

А праблема й цэлая справа ў тым, што ў мяне некалькі дзён круціцца адзін пэўны верш у галаве, але нічога ня пішацца. Я ў адчаі. Я не хачу скардзіцца, бо ў мяне дужа файнае жыцьцё (ну, прынамсі арыгінальнае), і я люблю быць сабою. Але апошнім часам здароўе было не найлепшае, пра каханьне каментаваць нават ня буду -хаця я непапраўная і мне, мабыць, падабаецца хлопчык, гыгыгы. Халера- і я нават пасьпела зваліцца зь лесьвіцы. Як? Не пытайцеся. І так, усё окей. Абяцаю :) Мяне толькі хвалюе факт, што ня пішацца. Я адзін год пішу, ну, "літаратуру" (не) па-беларуску, і ў мяне ёсьць тры зборнікі "вершаў", адна "п'еса", некалькі "апавяданьняў"... Намагаюся думаць, што я магу крыху адпачыць. А потым думаю, "а што калі наступным разам горш звалюся зь лесьвіцы і стукнуся галавой і забуду беларускую мову?". Але потым я думаю, "ну, а якая розьніца? Каму гэта патрэбна?". За што й выбачаюся.

Напэўна, на шчасьце ці на жаль, "натхненьне" маё прыйдзе зноў, "Раяль ля мора" выйдзе, і я некалькі яшчэ гадоў ніводнага разу не звалюся сьмяротна. Можа быць, і знойдзецца адпаведны пан для мяне (ці я буду шчасьлівейшая адна), і нават вылячуся і вернецца здароўе. За што й выбачаюся? :)

jueves, 15 de enero de 2015

Скарга як сродак зносін, ці асаблівасьці гішпанскае лёгкае гутаркі

Прывітаньне!

Як я абяцала, я зноўку тут, і ў гэты раз з новаю думкаю. Некалькі дзён таму, я дзесьці чытала, што звычайная форма лёгкае гутаркі ў Гішпаніі - гэта скарга. Ну, ці хаця бы пачынаецца адтуль, а потым можа быць амаль што заўгодна.

Насамрэч, гішпанцы вельмі любяць скардзіцца. І абсалютна на ўсё. Не таму што народ нешчасьлівы, а таму што гэта нейкі, скажам так, камунікатыўны вакуум. Гэта моўная асаблівасьць (калі што, культурная), але 90% скаргаў нічога ня значаць. Але, канешне, гэта абавязковая часьць гутаркі. Чалавек, у якога, маўлаў, усё добра - дзіўны, ці нават недалёкі :)

Пасьля прачытаньня гэтага артыкулу, я вырашыла зьвярнуць асаблівую увагу на лёгкую гутарку, каб пабачыць, ці гэтая норма насамрэч такая строгая, ці не. І так, насамрэч, калі я села ў таксоўку, і сказала кіроўцу, куды я, ён неадкладна адказаў, "добра. Фу, якія там шалёныя рэмонты, ужо аніяк не зразумееш, дзе можна ехаць, а дзе нельга, а тым больш пачалі праект менавіта ў пачатку навучальнага года, калі Вы ўсе ўжо ў Гранадзе, а можна было раней". І я, на аўтапілоце, дадала, "ну, так, гэта проста цуд. І веласіпедная дарожка ў гарах - нічога сабе праект". Я была расчараваная у сябе, таму што не люблю скардзіцца (калі няма добрае прычыны). Але ж таксіст гэтага вельмі чакаў. Было бы няветліва не скардзіцца. Ці супярэчыць. Нават горш. Я працягвала зьвяртаць на такія гутаркі ўвагу, і зразумела, што я толькі скарджуся у адказ. Бо не хачу быць недалёкаю... :)

А як вы мяркуеце? У Беларусі таксама такая лёгкая гутарка? Я гэта не адчувала, калі размаўляла зь беларусамі, але можа проста я размаўляла толькі з тымі, якія падобныя да мяне, і, як я, ці ня любяць лёгкую гутарку ўвогуле, ці больш любяць дзіўныя, пазітыўныя тэмы. І калі ўсё добра.

miércoles, 10 de septiembre de 2014

100 шчасьлівых дзён - 5 і 6


Учора я не пасьпела пісаць нічога, але сёньня, канешне, напішу :) І за два дні.

Калі я ўчора не пасьпела пісаць пра шчасьце, гэта проста з-за таго, што была занятая ім :) Да нас прыехала мая цудоўная стрыечная сястра. Я была ёй вельмі радая, таму што ў дзяцінстве мы былі заўсёды разам, а цяпер ня так часта бачу яе. Хаця заўсёды размаўляем, хаця бы, праз інэт. Ну, гэта вось прычына нумар 1 :)

А сёньня... За што мой дзень быў шчасьлівы сёньня? Прабачце, але я нават ня ведаю. Як вам гэты здымак чарапахі? Пойдзе? :) А песьня?



viernes, 5 de septiembre de 2014

100 шчасьлівых дзён - дзень 1


Вітаю-вітаю! Як маецеся сёньня?

Я хутка пачынаю ўнівер і, хаця гэты год быў да мяне даволі дрэнны (прыкладна ў 75% дрэнны), я сёньня думаю толькі пра 25% добрага, і пра тое, што яшчэ будзе. Думаю, пасьпеем яго выправіць, каб я памятала 2014, як добры год. У любым выпадку, маю для вас дзьве добрыя навіны:

1. Маю новы праект, у гэты раз украінскай мовай: trebahovoryty.blogspot.com :) Добрая навіна асабліва для тых, хто чытае мяне па-беларуску ва Ўкраіне (цяпер будзе лягчэй).

2. Я далучылася да ініцыятыву "100 Happy Days". Значыць, я буду пісаць кожны дзень пра нейкі пазітыў, 100 дзён! :) Я буду рабіць гэта па-свайму трохі, але ўсё ж такі буду.

У мяне сёньня шчасьлівы дзень дзякуючы новаму праекту!

domingo, 22 de junio de 2014

Алесь Бяляцкі на волі


Так, зноўку я. Вось папрасіла прабачэньня за тое, што не пісала так даўно, а цяпер пішу далей.

Калі мая цудоўная настаўніца польскае мовы ў мяне спытала, зь якім вядомым, важным чалавекам я хацела бы пазнаёміцца, я ёй адказала адразу: З Алесем Бяляцкім! Дарэчы, яна ведала, хто ён гэткі (у Гішпаніі ня кожны ведае, нажаль. Хаця кожны, хто мяне ведае, ведае і пра яго).

Што сказаць пра нашага цудоўнага волата? Лепш паглядзіце яшчэ раз (ці проста паглядзіце, калі ня бачылі), і атрымлівайце асалоду:

Алесь Бяляцкі на волі (Белсат)

Жыве Беларусь!