domingo, 7 de junio de 2015

П'еса (V - КАНЕЦ)

Акт пяты

(Гасьцёўня ізноў. Сядзяць Ігнат і Мацей пасьля размовы ў трэцім акце. Вяртаюцца Арына, Ева і Зося. Зося нясе вялізарную талерку з печывамі)

Зося (радасна) – Печывы-печывы!!! У нас печывы!!!
Мацей – Зоська, твой брацік сьпіць. Тшш!
Зося (ціха) – Ой, прабач, Багдан.
Ева – Усё добра, глядзі, як спакойна сьпіць твой брацік, Зоська.
Арына – Мацей, дзе твая сястра?
Мацей – Пры ўсёй павазе, мама, адкажу так, як у познім дзяцінстве. Адкуль я ведаю?

(Усе сьмяюцца акрамя Арына і Зося)

Зося – А што, чаму гэта сьмешна? Дзе мая мама?
Ігнат – Зоська, што за ідэя фікс?
Зося – А што такое ідэя фікс?

(Чарговы раз сьмяюцца ўсе)

Зося (па-дзіцячы) – Бабуля-я-я, чаму ўсе сьмяюцца зь мяне?
Арына – Сонейка, ня ведаю. Спытаемся ў тваёй мамы, калі вернецца.

(Пасьпешліва ўваходзяць Юрась і Агата. Мацей глядзіць на сястру шматзначна, саркастычна, зь вялікаю ўсьмешкаю. Агата ў сваю чаргу ўсьміхаецца і ківае галавою. Мацей сьмяецца)

Арына – А што тут такога сьмешнага, сынок?
Зося – Мама, мама, мы сьпяклі печывы!
Агата – Што ты кажаш, Зоська?
Зося (злёгку злосна) – Пе-чы-вы! Я ўвесь вечар на кухні, а ты нават мяне ня слухаеш!

(Усе сьмяюцца)

Агата – Вядома, хачу печывы! Дзякуй, дарагая!
Зося – Ну, вось, так і трэба! Я таксама хачу, але бабуля заўжды кажа, што трэба дачакацца, калі прыйдзе мама, і спытаць у яе. Можна?
Агата – Канешне, дарагая. Сёньня ж сьвята. Да таго ж, ты сама сьпякла.
Зося – Ну, з бабуляй і цёткай Евай, але... Пачынаем!
Агата – Ну, вы пачулі шэф, час есьці!

(Усе ядуць печывы)

Ігнат – Зоська, ты малайчынка, вельмі смачна атрымалася!
Ева (па-дзіцячы, ўсьміхаючыся на Зоську) – Ну-у, я таксама дапамагла, так Зося? І бабуля таксама!
Зося – Амаль усё зрабіла бабуля, штопраўда, але я вельмі старалася!
Агата (да Арыны) – Мама, а можна рэцэпт папрасіць? Ня памятаю, калі апошні раз ела такія смачныя печывы.
Юрась – Дый ты шыкоўна гатуеш! Канешне, ў пані Арыны печывы цудоўныя, але ў цябе, я б сказаў, ня горш.
Зося – Тата, ты заўжды галодны!
Юрась – Цукар вельмі карысны! Паболей б яго есьці!
Зося – А для чаго карысны?
Ігнат (вясела) – Хтосьці сёньня занадта шмат пытаньняў мае!

(Сям’я сьмяецца, есьць. Раптам пачынае званіць тэлефон. Тэлефон званіць тры цэлыя разы. Ігнат падымае слухаўку)

Ігнат – Алё? (...) Я (...) Да, да, понятно.
Спасибо. (...) Да-да-да, я понял. (...) Точно. (...) Спасибо, спасибо. (...) И Вам (...) Добрый вечер.

Мацей – Тата, хто гэта быў?
Ігнат (сувора) – Памылка.
Мацей – Ды ладна! Там у цябе размова ж была?
Ігнат – Мацей, хтосьці ня той нумар набраў.
Мацей – Тата, а каму хацелі патэлефанаваў? Пра каго пыталі?
Ігнат – Я не зразумеў.
Мацей – Ты расейскую забыў ажно?
Ігнат – Ну, хопіць з жарцікамі. Я не зразумеў, усё. Не пытай болей, калі ласка.

(Няёмкая паўза)

Зося (стомлена) – Мама, я хачу спаць...
Арына – Я таксама, Зося, мілая. Ужо позна!
Агата – Ну, так, насамрэч, мы хутка вернемся дадому, так, Юрась?
Юрась – Так, магу зараз замовіць машыну, калі хочаш.
Арына – Калі хочаце, можаце і тут пераначаваць.
Ігнат – Мілая, ведаеш, што Зося кепска сьпіць, калі не ў сваім ложачку. Праўда, Зоська?
Зося – Трохі, дзядуля...
Агата – Колькі часу ўжо? Мы й перашкаджаць ня хочам. І вам, пэўна, спаць хочацца.
Арына – Агатка, вы ніколі не перашкаджаеце.
Агата – Ну, мама, мы вернемся ранкам, дапаможам зьбіраць хату, добра?
Ігнат – Нават ня трэба, дарагая, мы справімся з мамай. Можаце спакойна паехаць дадому і спаць.
Мацей – Тата, ты й так ведаеш, што прыедзем усе і дапаможам!
Юрась – Абавязкова.
Мацей – Ну, Еве ня дам, яна адпачываць павінная.
Ева – Я дапамагу, як усе. Цяжарнасьць – не хвароба.
Юрась – Усё, я замоўлю машыну. Дзякую Вам за цудоўную вячэру, шчыра дзякую!

(Юрась адыходзіць і тэлефануе, ціха замаўляе таксоўку)

Зося – Бабуля, я прыеду заўтра, зробім яшчэ печывы! Цукру паболей есьці трэба, так?
Агата – Ня ўпэўненая, што табе варта, дзяўчыначка!
Арына – Зоська, паглядзім. І дзякуй вам усім, што прыехалі!
Ігнат – Спадзяюся, прыемна правялі вечар.
Мацей (крыху з сарказмам) – Атож. Праўда, Агатка?
Агата – Вядома!
Мацей – Думаю, мы таксама хутка дадому паедзем. Еве трэба добра спаць.
Ева – Ну, не перабольшвай! Я дарослая!
Мацей – Але ты стамілася, ці ня так? Я ж бачу!
Ева – Ну, позна зрабілася... Але не перабольшвай ты ўжо!
Мацей – Ну, вось, табе трэба паболей спаць, мілая.
Ева – Мацей, сапраўды, не хвалюйся.
Ігнат – Дзякуй Вам усім! Дабранач!
Мацей – Дабранач, тата, мама, дзякуй вам.
Ева – Дзякуй вялікі, пані Арына.
Арына – Табе дзякуй, Ева.
Зося – Пакуль, бабуля. Пакуль, дзядуля.
Арына – Хадзі, буську дай!

(Усе разьвітваюцца, цалуюцца ў шчокі, сыходзяць усе, акрамя Арыны і Ігната)

Ігнат – Нарэсьце, мы зноў удваіх!
Арына – Ды ну, ты рады быў убачыць усіх. Нават Юрася! Прызнайся.
Ігнат – Прызнаюся.
Арына (настальгічна) – Часам мне б хацелася вярнуць сваіх дзяцей...
Ігнат – У сэньсе?
Арына – Каб зноўку малымі былі, хоць на дзень.
Ігнат – Так, было б добра...
(Ізноў званіць тэлефон. Ігнат падымае слухаўку адразу. Арына зьдзіўляецца)

Ігнат – Алё (...) Так, вітаю-вітаю. (...) Дзякую... (...) Так, я ведаю, казалі ўжо. (...) А што, зараз?! Добра, добра, разумею. Да пабачэньня!

(Ігнат пачынае пасьпешліва прыбіраць стол)

Арына – Ігнат, спакойна! Пакінь, я потым сама...
Ігнат – Не-не-не, зараз, трэба зараз. Дапамагі мне, Арынка, калі ласка.
Арына – Што тут адбываецца?
Ігнат – Калі ласка, не спрачайся. Дапамагі мне!

(Арына і Ігнат пасьпешліва прыбіраюць усё)

Арына – А цяпер ты можаш мне сказаць, што з табой?
Ігнат (цяжка дыхаючы) – Нічога, Арынка, нічога... Не хвалюйся. Сапраўды, ня трэба.
Арына – Ты што? Не пужай мяне! Кепска пачуваесься?

(Ігнат кладзе руку на сэрца, цяжка дыхае, садзіцца)

Арына – Табе хуткую выклікаць?! Ігнат, калі ласка, скажы мне, што з табой! Я выклічу хуткую дапамогу!
Ігнат – Нават ня думай, нікога не выклікай, нікога!

(Стукаюць у дзьверы)

Ігнат (ціха) – Нават так... Яны ўжо тут...
Арына (вельмі нэрвова) – Хто гэта? Ты кагосьці чакаеш? Хто тэлефанаваў раней? А толькі што? Ігнат!

(Стукаюць у дзьверы мацней, чым першы раз)

Ігнат – Арына, ціха! Паслухай мяне!
Арына – Што...

(Працягваюць стукаць у дзьверы, ўсё мацней і мацней)

Арына – Я нічога не разумею!
Ігнат – Мілая, ведаю, што ты не разумееш. Але паслухай. Калі спытаюцца, мы ўвесь вечар адны, ў нас нікога не было. Мы нічога ня ведаем, я цяжка хворы, і наша Яна памерла ў катастрофе. Зразумела?
Арына – Яна?! Што здарылася? А ты хворы?
Ігнат – Яна памерла ў катастрофе, зразумела? А цяпер, калі ласка, адкрый дзьверы, бо могуць выбіць іх у хату!
Арына – Ігнат!
Ігнат – Адкрый дзьверы, дурніца мая, адкрый! (страчвае прытомнасьць і падае)

(Вельмі моцна стукаюць у дзьвер. Канец пятага акту. Канец п’есы)

No hay comentarios:

Publicar un comentario