sábado, 6 de junio de 2015

П'еса (IV)

Акт чацьвёрты

(Перад хатай стаяць Юрась і Агата. Ён паліць, яна стаіць побач зь ім глядзіць кудысьці ўверх, сьвяціць месяц)

Юрась (гледзячы на Агату) – Агатка, сёньня, ты такая прыгожая, як у той дзень, калі ты падыйшла да мяне і сказала, “Юрась, мы абавязкова мусім ажаніцца!” Памятаеш, як ты хвалявалася?
Агата – Юрась!
Юрась (кідае цыгарэту) – Я! Чым я магу дапамагчы сваёй гожае прынцэсе?
Агата (сарамліва) – Я не магу, калі ты такія рэчы кажаш... Ты ведаеш, што саромеюся!
Юрась (з замілаваньнем) – Гэта міла. Як ты хвалюесься цяпер, і як хвалявалася тады!
Агата – Вядома, хвалявалася...
Юрась – А памятаеш, як я і так меў ужо пярсьцёнкі? Нічога я болей не хацеў, чым гэтага!
Агата – Памятаю, вядома... Я назаўжды запомніла гэты дзень!
Юрась – І я, дарагая. Памятаю, нібы ўсё гэта ўчора было.
Агата – Шкадуеш?
Юрась – Не! Ты што, ты што? Чаго ты гэта, мілая? Вядома, не шкадую! (Цалуе Агату шматразова ў шчокі)
Агата – Ты ўпэўнены?
Юрась – Агата, я кахаю цябе, заўжды кахаў... Зь першае хвіліны.

(Агата плача)

Юрась – Ня плач, дарагая, ня плач (выцірае ейныя сьлёзы). Прабач мне, што ня даў табе жыцьцё, якое заслугоўваеш, маё каханьне.
Агата – Я таксама цябе кахаю.
Юрась – Я буду змагацца дзеля цябе і дзяцей, абяцаю.
Агата – Не абяцай мне нічога, калі ласка.
Юрась – Агатка...

(Юрась абдымае Агату ззаду, Агата плача)

Агата – Ведаеш, мая сястра... Яна прапанавала мне пераехаць у Менск да яе, калі даведалася пра сітуацыю тады. Сказала, што мы вырашым праблему, я змагу вучыцца, працаваць, будзем жыць разам. Яна не хацела, каб Мацей і я засталіся ў вёсцы... А ў мяне сям’я, і ў брата пачынаецца, а Яна чамусьці не прыехала. А на нашае вясельле прыехала. Не была згодная, але прыехала... Я мушу прызнацца, тыя грошы, якія ў мяне былі, калі мы пачалі жыць разам, іх мне Яна падарыла. Так, і жахлівую карціну – таксама. (Юрась іранічна глядзіць на Агату) –Ды не глядзі на мяне так, Яна сказала, што гэта поп-арт. Яна лепей разумее мастацва, чым ты і я. (Кароткая паўза) –Ну, а Зоську яна вельмі любіць, вядома. Кажа, што яна падобная да мяне ў тым узросьце... Яна вельмі любіць мяне... Таму і прапанавала такое. Яна толькі лепшага хацела, толькі лепшага для мяне, для маладзейшае сястры... Я яе толькі цяпер разумець пачала!
Юрась – Шкадуеш?
Агата – Што?
Юрась – Агата, ты шкадуеш, што не пераехала ў Менск да сястры?
Агата – Не.

(Цалуюцца)

Юрась – Я ня варты цябе.
Агата – Бздура! Варты, чаго ты так? Я кахаю цябе, я таксама заўжды цябе кахала. Ну, дакладней, дзякуючы табе я ёсьць, кім я ёсьць. Раней я папросту вучылася, падпарадкавалася бацькам, хадзіла ў касьцёл. І так, праўда, яшчэ хаджу. Але я хутка зразумела, што толькі дзеля цябе і з табой я магу быць іншай, сваёй... Я стала сьмелай, пачала нешта рабіць дзеля сябе. Нават першы раз хлусіла бацькам...
Юрась (іранічна, сумна) – Ну, і глядзі, як гэта ўсё скончылася! Жывеш разам зь нягоднікам, грошаў ніколі не хапае...
Агата – Прабач, але я жыву разам з каханым чалавекам. Ніхто ніколі мне не абяцаў, што шлюб і сямейнае жыцьцё – гэта ўсё весела і лёгка. Я ўсё жыцьцё марыла выйсьці замуж. Я была на гэта гатовая, хоць і атрымалася неяк інакш, чым я думала. І я кажу менавіта “інакш”, а ня “горш”. Зося цудоўная дзяўчына, Багдан моцным і разумненькім расьце...
Юрась – Прабач мне, я ня варты вас...
Агата – Юрась, мы ўсе памыляемся, мы ўсе грэшым. Для мяне ты найлепшы мужчына на сьвеце. Да таго ж, не пакусала б я твой яблык – Мы б не былі разам.

(Юрась сьмяецца)

Агата – Што тут такога сьмешнага?
Юрась – Першы раз чую, каб называлі яго яблыкам!
Агата (абураная) – Юрась! Каб хадзіў са мной раз-пораз, сьмяяўся бы меней!
Юрась – Ты дужа мілая, калі злуесься!

(Агата і Юрась коратка глядзяць адно на аднаго, Юрась потым пачынае глядзець уніз, на падлогу, Агата кладзе руку яму на плячо)

Юрась – Як я магу ўсё выправіць, што нарабіў? Як я магу кампенсаваць табе і дзецям за гэтыя жахлівыя годы? Я гатовы на ўсё, але ня ведаю, ад чаго пачаць, мілая!
Агата – Я кахаю цябе. І я ведаю, што ты таксама мяне кахаеш.
Юрась – Агатка, аднога каханьня не дастаткова... Часам і каханьне бывае лішнім.
Агата – Ты амаль такім сур’ёзным стаў, такім суворым, як мой бацька.
Юрась – Але гэта праўда! Я так балюча табе зрабіў! Я не прабачу сабе!
Агата – А трэба! Я веру ў пакаяньне, Юрась. Я хрысьціянка.
Юрась – Ты цудоўная.

(Юрась цалуе Агату ў вусны, абдымае яе сэксуальна, пачынае цалаваць у шыю)

Агата (пачынае зьлёгку стагнаць) – Ты што! Ня зараз, ня перад хатаю маіх бацькаў!
Юрась – Мы ўсе грэшым, мы ўсе памыляемся... Ёсьць і салодкія памылкі... Перад хатаю нельга, кажаш, пайшлі за хату, Агатка!

(Трымаючыся за руку, хутка сыходзяць за хату, канець чацьвёртага акту)

No hay comentarios:

Publicar un comentario