jueves, 4 de junio de 2015

П'еса (II)

Акт другі

(Прыбіральны пакой, мэбля такога ж стылю, як у гасьцёўні. Ева плача, цяжка дыхае, імкнёцца ўзяць сябе пад кантролю)

(Стукаюць у дзьверы)

Арына – Ева, ты тут? Усё у парадку, дарагая?
Ева (стрымліваючы сьлёзы) – Так... Тут-тут. Зараз...

(Ева глыбока ўздыхае, выцірае сьлёзы туалетнаю папераю, шморкаецца, хутка перарабляе макіяж і адчыняе дзьверы. Уваходзіць Арына)

Арына – Як ты сябе адчуваеш, Ева?
Ева – Усё у парадку, папросту крыху млосна зрабілася, я...
Арына (усьміхаючыся, пяшчотна) – Як даўно ты ведаеш, сонейка?
Ева (зьдзіўлена) – Пані Арына, я не разумею, што Вы маеце...
Арына (перапыняючы Еву) – Ева, замолада дурань, пад старасьць мудр. Як даўно ты ведаеш?
Ева (сумна) – Два месяцы, пані Арына.
Арына (упэўнена) – Мацей ня ведае.
Ева (сарамліва, гледзячы на падлогу) – Ваша праўда.
Арына (спакойна) – Пытаньне – чаму.
Ева (стрымліваючы сьлёзы) – Даруйце мне, калі ласка, даруйце.
Арына – За што менавіта, дарагая мая дзеўчына?
Ева (нэрвова і пасьпешліва) – Гэта немагчыма... Ну, я не магу, я не гатовая, я ня здольная.
Арына (пяшчотна) – Дзіцё маё, а хто ж гатовы?
Ева – Нельга, як я магу прымусіць нявінную істоту жыць на гэтым сьвеце? Я не магу, не!
Арына (зьдзіўлена) – Што ня так з гэтым сьветам? Што ты кажаш, Ева?
Ева – Пані Арына, даруйце, калі ласка! Я настаўніца, я ўсё бачу, я ўсё ведаю, нельга так, пані Арына! Як я б магла, калі сама да глыбокае начы, каб ваш жа сын, пані Арына, мой каханы Мацей, не заўважаў, што я плачу, пакуль не засынаю? Што ж у мяне ёсьць, што магу даць гэтаму дзіцяці? Што ў гэтае краіне? Я не магу глядзець, як гэты наш
пракляты сьвет, вы мне гэта прабачце, павольна з’ядае ягоную душу! Я гэта перажыла, і перажываю, і гэта бачна ня толькі ўва мне, а ў кожным з нас, у кожным! Прабачце мне, канешне... Вы ведаеце, як даўно Мацей ня піша? Так, бо пісаў, пісаў мне вершы пра каханьне! І колькі яму вінныя за праект ведаеце? Прабачце, што кажу вам пра гэткія тэмы, але, пані Арына, вы зразумець павінныя, што і як... І чаму я вырашыла...
Арына (злосна) – Ева!
Ева – Даруйце мне, калі ласка.
Арына – Не выбачайся болей, я не хачу гэта чуць. Я разумею, што ты вучылася ва ўніверсытэце, і ў цябе ведаў шмат, болей, чым у мяне. Але ў гэтым выпадку гэта ты павінная зразумець, што і як, і чаму, Ева. Напэўна ты думаеш, як і ўся сям’я, што я ня бачу праблемаў. А бачу, вядома, і перажываю. Моцна. Але маці – падмурак сям’і, як сказаў бы Мацей. Як я магу сябе аддаць хваляваньню, калі я – маці? Цяпер, Ева, ты ўжо ня дзеўчына, нават ня толькі жачнына, нават ня жонка, ты маці, як і Агатка, як і я. Ты й ёсьць сьветам гэтага дзіцяці. Ты, Ева, ты, як першая маці на Зямле, сёньня і назаўжды! Таму выцірай сьлёзкі, дарагая. Я табе дапамагу, давай. Ты ня маеш права на іх, не сёньня, мілая! Ты бачыла, як зорачкі ў небе міргаюць у гэтую халодную ноч? Бачыла, як далікатны сьнег танцуе ў паветры? Чула калядныя песьні, якія награваюць вусны дзяцей? Сьвет можа быць прыгожым, калі ты прымушаеш яго такім быць. Павер мне, ты маеш такую сілу. А цяпер, Ева, ты маці. Гэта твая адказнасьць, і гэта найважнейшая адказнасьць у гісторыі чалавецтва.
Ева – Пані Арына, а што калі я ня здолею?
Арына – Здолееш, Ева, бо мусіш.
Ева – Але...
Арына – Ніхто ня можа табе абяцаць, што будзе лёгка. У жыцьці, як ты пэўна заўважыла, не бывае без памылак, бяз сьлёзаў, бяз болю. І асабліва для нас, для маці. Але я скажу табе, што ўсё будзе варта.
Ева – Дзякуй, пані Арына.
Арына – Я прыму ўсялякае тваё рашэньне, бо ведаю, што мой сын шчасьлівы дзякуючы табе, дзякуючы табе адной. Але помні мае словы. Ты ня маеш права на сьлёзы сёньня.
Ева – Я магу вас абняць?
Арына – Не пытайся.

(Абдымаюцца доўга, моўчкі)

Арына – Выцірай сьлёзы, час павячэраць, ты ясі за двух. І нават не за двух, а за цэлы сьвет, за цэлы сусьвет, за цэлае жыцьцё.

Ігнат (здалёк
у) – Арына! Як вы там? Усё добра?
Арына (да Евы) – Я вярнуся ў гасьцёўню, дам табе яшчэ хвіліну, пабудзь адной, калі трэба, але не марудзь, мы цябе чакаем.

(Сыходзіць Арына)

Ева (гледзячы на сябе ў люстэрка) – Я не магу ведаць, што будзе далей. Ніхто ня ведае. Сумневы будуць, і праблемы, і канфлікты. Бог адзін ведае, колькі начэй я буду плакаць, пакуль не засну, колькі сьлёзы ў мяне атрымаецца схаваць, як павінная. Жыцьцё заўжды сябравала са сьмерцю, і шчасьце заўжды танцавала з бядою. Але сёньня сьвята, і два разы сьвята, бо сёньня я - маці. Ад сёньня я больш ня Ева, а Надзея. Надзея!

(Ева зноўку выцірае сьлёзы, перарабляе хутка макіяж і сыходзіць. Канец другога акту)

No hay comentarios:

Publicar un comentario