jueves, 30 de abril de 2015

Я жывая, пакуль...

Ня буду прабачацца за тое, што так доўга не пісала. Па-першае, гэта ўжо норма. Па-другое, у мяне вельмі добрыя прычыны, каб не пісаць. Зараз патлумачу.

Я думала, што гэты момант ніколі ня прыйдзе (ці, можа, я думала, што не дажыву да гэтага), але празь месяц я скончу заняткі ва ўніверы. Потым іспыт будзе, і абарона дыплёмнае працы. І ўсё. Я зразумела, што час надта хутка ідзе, і ноччу бачу ўсё сваё жыцьцё перад вачыма. І ня ведаю, ці жыцьцё маё, ці я проста публіка...
Ужо ёсьць ІСБН кнігі (значыць, ёсьць прагрэс), але зноў, я ня ведаю, што праўда, а што сон. А можа ўсё сон, і я прачнуся ранкам, і ня буду ведаць беларускую мову, і трэба будзе пайсьці на выпускны праўнага факультэту, і я звычайная гішпанка, і далей буду гатавацца да (о!) дзяржаўнага іспыту, і будзе спакойнае, стандартнае жыцьцё пасьля доўгае ночы... Чаго я вельмі б не хацела.
Таму, покуль я жывая, покуль я пішу, я кіну вам сьціплы вершык, які я напісала для цудоўнага, надзвычайнага, вельмі мне дарагога чалавека. Вы, можа, ўжо бачылі яго ў фейсбуку, але той чалавек заслугоўвае, каб я паставала яшчэ раз:

Іронія


Нават цяпер сьмяюся, пажынаючы
Жарты, якія сама я пасеяла,
Бо сарказм, хоць бывае жорсткім,
Заўжды быў мне даспадобы
(І я - жанчына прынцыпаў).
[Сьмех у залі]
Сяджу я ў пачатку лета
Зь віном на дваіх,
А ты, яшчэ ў лютае вясьне,
Якая, як заўсёды, спазьнілася,
Таксама, пэўна, выбраў свой яд.
Жыцьцё далей ідзе,
Плыве рака, квітнее тубероза,
А зоркі ўсё ў тваіх руках
І далёка, ў мяне ў галаве.
А сумная, старэйшая пара
Сядзе ў гасьцях у восені жыцьця,
На адной канапе.
Разумеюць яны,
Што зоркі стагодзьдзі таму памерлі,
І ў іх, і ў мяне (ты слухаеш Black Sabbath)
Гучыць старая польская песьня:
''Ni we dwoje, ni bez Ciebie żyć''.
[Сьмех у залі]