domingo, 11 de octubre de 2015

Памяць пра будучыню (НОВАЯ КНІГА - спасылка для пампаваньня)

Сёньня я публікую новую кнігу. Яна дармовая, версія бэта, магчыма, адбудуцца новыя карэктуры, але мне было прынцыпова, каб яна выйшла менавіта ў гэты дзень. Калі ня маеце часу/цярпеньня праслухаць усю маю байку, спасылка тутhttp://rusfolder.com/44329198

Для тых, каму цікава - я вам распавяду гісторыю. Камусьці здаецца, што яна надзвычайная. Іншыя думаюць, што гэта папросту варыянт нормы, форма самога працэсу самаразьвіцьця і пераходу ў дарослы век. Тым, хто добра ведае мяне, асабіста, зразумела, які ўплыў гэтыя здарэньні мелі на маю асобу.

Я жыву ў Варшаве ўжо амаль цэлы месяц. Як і шмат хто, з кім я тут пасьпела пазнаёміцца, я таксама эмігрант. Але, ў адрозьненьні ад новых маіх сяброў, я цяпер бліжэй да Беларусі геаграфічна, чым была. Сёньня з'явіліся хмары, але ўчора неба Варшавы паказвала тое, што Пол Форт называў un jour de beau froid (дзень прыгожага холаду). І ўчора, ў дзень прыгожага холаду, маладая жанчына займалася сьпешнаю карэктураю новае кнігі, якую яна моцна жадала, і баялася, апублікаваць.

Пяць гадоў таму, ў Малазе, Гішпанія, дзе нарадзілася тая Анхела, зь якой сёньня мала засталося (на шчасьце ці на жаль), надвор'е быў вельмі нетыповае для паўднёвае Гішпаніі. Восеню і ўзімку ў 2010 дождж падаў пастаянна. Анхеле было 17 гадоў. Яна вучылася яшчэ ў школе, і кахала плятанічна. Вялікае дзіцё, мілае. Як кажа звышмудры чэскі сьпявак Ярамір Ногавіца, добра, што чалавек ня ведае, што ў будучыні яго чакае. Я памятаю, як будучыня выглядала для таго дзіця, якое толькі пачынала жыць. Яна марыла стаць філёлягам (што збылося), вывучыць шмат моў (што таксама больш-меньш зрэалізавалася), прыехаць у Беларусь улетку, з пагодаю (а дзе пагода, дзе вясна?).

Жыцьцё мела плян паказаць ёй іншую перспэктыву. Мары збываюцца, але цана высокая. Анхела стала дарослаю. Запіла моцны алькаголь і абяцала кінуць піць. Перажыла сьмерць блізкіх. Даведалася такім чынам, што такое страх за жыцьцё дарагога сэрцу чалавека. Зразумела, што яна безабаронная, а далёка не тая непераможная істота, за якую яна сябе лічыла ў дзяцінстве. Зразумела, што каханьня вельмі часта недастаткова само па сабе.

Маладая жанчына пяць гадоў змагалася. Вывучыла беларускую мову, выдала кнігу, напісала чарговыя 3 зборнікі. Вянок санэтаў нават ёсьць. Бо яшчэ зразумела, што трэба далей старацца, нягледзячы ні на што.

Цяпер я ў Варшаве. Вучуся на беларускага філёляга. І яшчэ мару і адчуваю нешта падобнае да шчасьця... Памятаю будучыню. А вы?
Я ў далёкім 1993 годзе