viernes, 5 de junio de 2015

П'еса (ІІІ)

Акт трэці

(Сям’я сядзе пры столе, есьць. Вяртаецца Ева, ўсьміхаючыся)

Мацей – Мілая мая, як ты пачуваесься? (Дае Еву буську ў шчоку)
Ева – Ніколі не пачувалася лепей, каханы.
Мацей – Дакладна?
Ева – Вядома. Не хвалюйся.
Агата – Ну, вось і цудоўна, я радая, што табе прайшло, Ева.
Юрась (іранічна) – Я выдатна разумею Еву. Хто ж можа сядзець так доўга ў такой кампаніі? Маю на ўвазе, ў маёй кампаніі, вядома.

(Усе сьмяюцца)

Ева – Якраз, дарагія мае, саправа ў іншым. І думаю, прыйшоў час падзяліцца.
Мацей – Дарагая, што здарылася? Не пужай мяне!
Арына – Мацей, сынок, дай жонцы патлумачыць, можна?
Ева (усьміхаючыся) – Дзякую, пані Арына. Шчыра дзякую.
Зося – Цётка Ева, ты не хварэеш?
Ева – Не, Зоська. (Трымае Мацея за руку) –Я цяжарная. Ты будзеш мець стрыечнага браціка ці сястрычку!
Зося – Аааа, дзякуй, цётка Ева!  (Абдымае яе)
Мацей – Ева, гэта цудоўна! Чаго ты раней не казала?
Ева – Я хацела, каб мы былі ўсе разам.

(Усе размаўляюць адразу, ідуць віншаваньні, тосты, радасьць, Мацей абдымае Еву, трымае за руку, відавочна, ня хоча яе адпускаць)

Мацей – Мілая, я так рады, так рады! (Цалуе Еву шматразова)

Юрась – Ева, дарагая, асьцярожна, бо Мацей цябе з'есьць!
Агата – Вы думалі пра імёны? Якія падабаюцца?
Мацей – А я нічога ня думаў, Агатка. Мне здаецца, ты даведалася раней, чым я!
Агата (усьміхаючыся, зьлёгку сьмяючыся з брата) – Мацей, я ж жанчына, а яшчэ й маці. Мы здагадваемся пра такія рэчы. Прыдумлівай імёны хутчэй, дарагі брацік!
Ева – Мне Надзея падабаецца, калі гэта дзяўчынка...
Арына – Прыгожае імя!
Ігнат – А калі гэта хлопец?
Мацей – Бацьку Евы звалі Радзівон...
Юрась (раптоўна, пачуўшы імя, іранічна, але шчасьліва) – Прабачце мне, я папаліць схаджу! Столькі эмоцый! Ня стану перашкаджаць дзецям і цяжарным жанчынам сваім агідным дымам.
Агата – Я з табой пайду. (Да бацькаў) -Калі вы ня супраць.
Ігнат – Ідзі спакойна, дарагая, ідзі.

(Сыходзяць Юрась і Агата. Ігнат нешта
шэпча Арыне ў вуха)

Арына – Зоська, сонейка, ў мяне на кухн
і гатовае цеста для печываў. Хочаш дапамагчы бабулі сьпячы?
Зося (з энтузіязмам) – Печывы! Так! Ура!

(Арына глядзіць на Еву)

Ева – Я таксама пайду, навучуся іх пячы для свайго малыша!

(Сыходзяць Арына, Ева і Зося. Ігнат і Мацей некалькі сэкунд маўчаць)

Ігнат – Віншую, Мацей! Ганаруся табою.
Мацей – Тата, што з табой? Ня верыцца, што дачакаўся гэтага сказу!
Ігнат – Шчыра.
Мацей – Дзякуй, тата.
Ігнат – Мацей, я хацеў размаўляць з табою сам-насам.
Мацей (іранічна) – Я заўважыў.
Ігнат – Малайчына. А калі сур’ёзна, я мушу табе сёе-тое сказаць.
Мацей (усьміхаючыся, з сарказмам) – Тата, калі скажаш, што Дзедам Марозам увесь гэты час быў ты, дык я даўно ўцяміў. (Сур’ёзна) –Ты ж ведаеш, што я ня веру ў такія рэчы. Тым болей, цяпер.
Ігнат – У мяне рак.

(Кароткая, няёмкая паўза)

Мацей – Тата,
даруй. А што лекар...
Ігнат – Мацей, мне трэба, каб ты быў галавой сям’і. Мне нядоўга засталося жыць. Ня дай маме жыць адной, калі ласка. Ты ведаеш, што яна звар’яцее, калі ня будзе каму дапамагаць, каго зьлёгку лаяць, каму даказваць, што заўжды мае рацыю (і павер, яно так і ёсьць!). Беражы Агату і малых дзяцей, сам ведаеш, што Юрась ня ў стане, ніколі ня быў у стане, аднаго каханьня, вядома, не дастаткова. Я б сказаў, напрыканцы жыцьця, што каханьне і
лішнім бывае, сынок. Ты дасканала разумееш, што я маю на ўвазе. А Яна... Пра Яну можаш не хвалявацца, яна выбрала свой шлях. Я часам думаю, што яна павінная была нарадзіцца мужчынам, у яе сіла характару... Тая ж сіла характару будзе ейнаю гібелю, помні мае словы, але нічога ня зробіш, папросту маліся за яе, калі ў цябе вера засталася! У  мяне веры даўно няма, прызнаю. Ты маеш права ведаць, Мацей. Спадзяюся, ў цябе хоць крыху засталося, яна не абавязковая, але спрашчае жыцьцё, асабліва калі ты – камень веры ўсёй сям’і. Ня дай Агаце жыць бязь веры, яна не вытрымае, а яна патрэбная Зосьцы і Багдану. Ня дай маме жыць без надзеі, будзе надта цяжка, і я не хачу, каб яна пакутавала, калі мяне ўжо ня будзе. Скажы ёй, калі я сыйду, што сустрэнемся ў раі, і дай ёй прычыны жыць кожны дзень, Мацей, хоць і праблемы, у якіх яна можа дапамагчы, ці думаць, што дапамагае, ня важна што, але трэба жыць далей, жыць! І ты жыві... Ты моцны, я ведаю, што ты будзеш жыць, дзеля Евы, дзеля дзіцяці, дзеля нас... Дзеля мяне, Мацей, жыві! Я не памру, покуль жывы мой адзіны сын! Ці ў цябе засталося хоць крыху веры, Мацей?
Мацей – Вядома... Я веру ў цябе, тата, і ў нашу сям’ю. Веру ў жыцьцё дзіцяці, якога народзіць Ева. Я вярнуся да твайго дому, тата, твой унук будзе жыць, дзе я правёў сваё дзяцінства, спаць у маім колішнім ложку, і насіць тваё імя, вядома. Мае дзеці, дзеці Агаты... Дзеці Яны, яны будуць солью зямлі, тваёй зямлі, і будуць ведаць цябе, хоць праз нашыя словы, праз нашае жыцьцё і наш прыклад для іх. Ты не памрэш, тата, ніколі! Я буду працаваць сваімі рукамі і карміць нашу сям’ю, ня бойся! Ня дам маме пакутаваць, абараню Агатку, і мы сустрэнемся ў раі, сапраўды сустрэнемся... Май веру, тата, і жыві да апошняга дня, пакуль Госпад не забярэ цябе да сябе, жыві, пабудзь яшчэ з намі і ведай, што ніколі не памрэш у нашых сэрцах!
Ігнат – Давяраю табе, сынок, давяраю і дзякую. Але я даўно ведаю, што ты атэіст...
Мацей – Як і ты, тата, але гэта ня мае ўжо значэньня. Мы шматразова паміраем да моманту фізычнае сьмерці... Каму ў гісторыі чалавецтва ўдалося жыць бяз болю, бязь сьмерці? Гэта рыхтуе нас да нашага канца, да таго, каб мазгі канчаткова выключыліся, каб не было ані дабра, ані зла, ані болю, ані асалоды... Колькі прывідам за дзень я
паціснуў руку? Гэта ня мае значэньня! Чалавецтва – адзін жывы арганізм, і покуль будзе жыць хоць адзін чалавек, ты будзеш жыць, тата, ў сваёй спакойнае, сапраўднае сьмерці, і я буду жыць, хоць хаджу мёртвым і клапатлівым, і маё дзіцё будзе жыць па-сапраўднаму за цябе, і за мяне, і за кожнага чалавека на сьвеце!
Ігнат – Хай будзе так, як ты кажаш, сынок. П’ем за гэта!
Мацей – П’ем!
Ігнат – За маё здароўе, за тваё, за чалавецтва і за маленькія штодзённыя сьмерці!
Мацей – За вечнае жыцьцё!
Ігнат – За вечнае жыцьцё!
Мацей і Ігнат (разам, іранічна) – Амінь! (Сьмяюцца)

(Два мужчыны п’юць гарэлку. Багдан пачынае ціха плакаць. Канец трэцяга акту)

No hay comentarios:

Publicar un comentario