miércoles, 29 de julio de 2015

РАЯЛЬ ЛЯ МОРА Ў ПРОДАЖЫ Ў ЛОГВІНАВА

Ну, вось так. Мая кніга з'явілася ў продажы. Ну ведаеце. Логвінаў. Галерэя "Ў". Прасьпект Незалежнасьці блабла. Вы лепей ведаеце Менск за мяне, сябры.

АААААААААААААААААААААААААААА!!!!

domingo, 26 de julio de 2015

Сьпёка!

Тыдзень быў добры, хаця і з прыгодамі, таму я некалькі дзён не пісала сюды, як плянавала. Свабода ўзяла ў мяне інтэрв'ю (вы ўсе бачылі, я не перапасьцю), што было выдатна, і я атрымала навіну, што наклад маёй кнігі, "Раяль ля мора", ўжо гатовы, і неўзабаве будзе ў краме (ах?). Заўтра я дакладней распавяду, можаце чакаць ад мяне новы пост.

А ў нас у Малазе сьпёка, тут ПЕКЛА, мне нават сёньня кепска стала ад тэмпературы, не магу больш. Потым убачыце скаргі на холад, але мне зараз так хочацца пераехаць у Варшаву ўжо (гэта адбудзецца толькі 16-га верасьня).

У любым выпадку, я хацела дзякаваць усім, хто напісаў мне добрыя (і ня надта добрыя) словы пасьля інтэрв'ю і чытаньня некаторых маіх вершаў. Я ўсё буду мець на ўвазе, хаця апошнім часам пішацца зь цяжкасьцю, а цэлы тыдзень я нічога не пішу (што для мяне вельмі й вельмі непрывычна). Спадзяюся, і гэта пройдзе, бо баюся, што ніколі не змагу пісаць чарговыя вершы (а можа, вы ўдзячныя будзеце, калі не пісацьму?) :)

Дарэчы, я хацела спытаць вас, чытачоў, чаму той верш "Такая дзяўчына, як ты", так упадабалі? Мне заўжды цікава ведаць, чаму некаторыя вершы вельмі падабаюцца, некаторыя зусім не. Паспрабую пісаць больш такіх, калі вернецца здольнасьць нешта пісаць увогуле ;)

miércoles, 15 de julio de 2015

Такая дзяўчына, як ты

Така, як ти
Буває раз на все життя
І то із неба


С. Вакарчук
Такая дзяўчына, як ты,
Павінная болей гуляць на вуліцы,
І чытаць крыху меней.
Чаго ты "Мобі Дык" узяла ўжо?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная карысна ўжываць вольны час,
А не вучыцца ў музычнай школе.
Чаго ты на піяніна так доўга граеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная гуляцца з хлопцамі,
А не пісаць паэзію.
Чаго ты сядзеш з гэтымі санетамі?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная паступіць адразу на мэдыцыну,
А не на нейкую філялёгію.
Чаго ты пра будучыню ня думаеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная валодаць перспектыўнымі мовамі,
А не незразумелымі дыялектымі.
Чаго ты так свой час марнуеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная выйсьці за прывабнага, заможнага, здаровага,
І ніяк інакш, ніяк.
Чаго ты так кепска іх выбіраеш?

Такая дзяўчына, як ты,
Павінная адназначна заўжды ўсьміхацца,
Бо грэх не карыстацца прыгажосьцю.
Чаго ты плачаш? Ну?

martes, 7 de julio de 2015

Чарговы раз мушу папрасіць прабачэньня

У 1993 г. я была маладая, маё жыцьцё было прасьцейшае.
На днях павінны высьці мой першы зборнік "Раяль ля мора". Гэта ўжо дастаткова добрая прычына, каб прабачацца :) Але я ведаю, што ёсьць такія чытачы, каму падабаюцца (некаторыя) мае вершы, таму за гэта менавіта прабачацца ня буду, а наадварот. Ну, па-першае, я даволі часта атрымліваю паведамленьні, людзі пытаюцца пра кнігу. Я таксама вельмі чакаю. І моцна хвалююся. Я таксама ня ведаю, калі менавіта выйдзе. Выбачаюся!

А праблема й цэлая справа ў тым, што ў мяне некалькі дзён круціцца адзін пэўны верш у галаве, але нічога ня пішацца. Я ў адчаі. Я не хачу скардзіцца, бо ў мяне дужа файнае жыцьцё (ну, прынамсі арыгінальнае), і я люблю быць сабою. Але апошнім часам здароўе было не найлепшае, пра каханьне каментаваць нават ня буду -хаця я непапраўная і мне, мабыць, падабаецца хлопчык, гыгыгы. Халера- і я нават пасьпела зваліцца зь лесьвіцы. Як? Не пытайцеся. І так, усё окей. Абяцаю :) Мяне толькі хвалюе факт, што ня пішацца. Я адзін год пішу, ну, "літаратуру" (не) па-беларуску, і ў мяне ёсьць тры зборнікі "вершаў", адна "п'еса", некалькі "апавяданьняў"... Намагаюся думаць, што я магу крыху адпачыць. А потым думаю, "а што калі наступным разам горш звалюся зь лесьвіцы і стукнуся галавой і забуду беларускую мову?". Але потым я думаю, "ну, а якая розьніца? Каму гэта патрэбна?". За што й выбачаюся.

Напэўна, на шчасьце ці на жаль, "натхненьне" маё прыйдзе зноў, "Раяль ля мора" выйдзе, і я некалькі яшчэ гадоў ніводнага разу не звалюся сьмяротна. Можа быць, і знойдзецца адпаведны пан для мяне (ці я буду шчасьлівейшая адна), і нават вылячуся і вернецца здароўе. За што й выбачаюся? :)